“Дзеці не хацелі сыходзіць – патрабавалі працягу спектакля!”

“Дзеці не хацелі сыходзіць – патрабавалі працягу спектакля!”

Набліжаюцца навагоднія святы і дзеці чакаюць, што ім пад ялінку прынясуць падарункі Дзед Мароз і Снягурка. Вось толькі спрадвеку на Беларусі замест гэтых чужынскіх былі свае міфалагічныя персанажы. Ці, калі больш дакладна, духі беларускай зямлі і прыроды. Але пра іх беларусы даўно забыліся… Што можа здарыцца са звычайнымі беларускімі дзецьмі, а можа нават і з іх бацькамі, што таксама чакаюць цудаў у навагоднюю ноч, калі яны зблытаюць Дзеда Мароза з Зюзям, Снягурку з Ляляй, не пазнаюць Жыжаля і Мару?

30 снежня ў Маладзёжным тэатры эстрады прайшла прэм’ера казачнага спектакля “Як літара Ў уратавала Каляды”. Гэта новы дзіцячы музычна-тэатральны праект музыкі і прадзюсара Рамана Арлова, вядомага па гуртах “J:МОРС”, “У нескладовае”, мюзікле “Чарадзей”.

Але адным спектаклем справа не абмяжоўваецца.

Кожнага гледача, а іх у гэты перадапошні дзень 2017 года ў Тэатр эстрады прыйшло шмат – поўная зала сабралася – на ўваходзе чакаў салодкі падарунак. А ў холе дзяўчаты і хлопцы з фальклорнага калектыву спявалі калядныя песні, вучылі дзетак танчыць беларускія танцы. Часам не маглі стрымацца і пачыналі танчыць нават бацькі. Усё мерапрыемства, кажа арганізатар імпрэзы Віталь Супрановіч, скіраванае на тое, каб “акунуць дзяцей у атмасферу сапраўдных калядных цудаў, пазнаёміць іх з беларускай міфалогіяй у цікавай і пазнавальнай форме”.

І, здаецца, задумка ў Рамана Арлова атрымліваецца, Прынамсі, у Віктара, які прывёў на спектакль “Як літара Ў уратавала Каляды” дачку Адэльку, уражанні выключна пазітыўныя.

“Даўно заўважыў, што перад Новым годам у нас адбываецца вельмі шмат падобных мерапрыемстваў для дзяцей, але пераважна – на рускай мове. Але калі рабіць свята дзецям, то лепш ужо весці на спектакль на роднай мове. Тым больш, які знаёміць з нашымі айчыннымі культурнымі традыцыямі і звычкамі. А самае галоўнае – дзеці ў захапленні ад убачанага. Праўда, Адэлька?” – Кажа Віктар, звяртаючыся да дачкі, дзяўчынкі гадоў пяці.

“Мне вельмі спадабалася!” – ледзь не падскокваючы на месцы, адказвае Адэля.

“А калі ўсё скончылася мы нават расплакаліся – так хацелі, каб казка яшчэ прыцягвалася”, – выдае сакрэт дачкі тата.

Сустракаю ў фае шмат знаёмых. Сярод іх Мілану Міхалевіч з дачкой Алёнай-Дамінікай.

“Мне вельмі спадабалася! – кажа дзяўчынка. – Асабліва, як Яська і Янінка мужна блукалі па чароўным калядным бары і ратавалі літары!”

“Дзеці ўважліва сачылі за тым, што адбываецца на сцэне, ад пачатку і да самага канца, спявалі разам з акцёрамі, удзельнічалі ў гульнях. Для мяне гэта – галоўны паказчык таго, ці ўдала атрымалася задума ў аўтараў”, – кажа Мілана Міхалевіч.


Пра што ж спектакль? Старажытныя духі беларускага сусвету паўкрыўдзіліся, што дзеці іх забыліся і вырашаюць іх правучыць: спыняюць час і замарожваюць ўсе літары са слова “надышоў”. А значыць Новы Год і Каляды ніколі не прыйдуць! Але Яська і Янінка яшчэ могуць выправіць сітуацыю. Іх чакаюць прыгоды і выпрабаванні ў чароўным калядным бары, падчас якіх яны мусяць сабраць чароўныя літары і скласці з іх чароўнае слова: «надышоў». А Зюзя, Ляля, Жыжаль, Мара ды іншыя духі беларускага космасу дзецям дапамогуць.

А што там з літарай “Ў”, якая нібыта ўратавала Каляды? Пра гэта можна будзе даведацца 4 студзеня, калі завітаеце ў Тэатр эстрады.

Быў на спектаклі вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Цікаўлюся, ці спадабалася яму тое, што зрабіў яго сын Раман Арлоў.

“Нават мне захацелася разам з дзеткамі-гледачамі сфатаграфавацца ў чароўным бары па заканчэнні спектакля, – смяецца аўтар “Айчыны”. – Мне падчас прагляду ўзгадаўся Полацк часоў майго дзяцінства. Ялінка на пляцы горада, куды мяне везлі на санках… Вось толькі спектакляў такіх тады не было, і на літару “Ў” надзейна забыліся ўжо ў той час дзеці, бо адны толькі расійскія школы былі ў Полацку ў маім дзяцінстве. А цяпер я веру – знойдуць нашы дзеці літару “Ў”!”

3 студзеня ў жывым эфіры Еўрарадыё Раман Арлоў больш падрабязна раскажа і пра гісторыю стварэння спектакля, і пра акцёраў, і пра шмат што іншае. Сачыце за анонсамі!

 

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі