"Дзеці не елі 4 дні, пілі ваду з каналізацыі": гісторыя ўратаваных з Гастомеля

Украінцы ратуюцца ад абстрэлаў у падвалах, якія сталі бамбасховішчамі / energoatom_ua
Украінцы ратуюцца ад абстрэлаў у падвалах, якія сталі бамбасховішчамі / energoatom_ua

24 лютага ўкраінскі Гастомель штурмавалі расійскія акупацыйныя сілы. Некалькі дзён там ішлі жорсткія баі за аэрапорт. Жыхары Гастомеля, якія не паспелі з'ехаць у пачатку ўварвання, праз абстрэлы не маглі пакінуць пасёлак. Міжволі апынуўшыся ў цэнтры баявых дзеянняў, людзі ў літаральным сэнсе спрабавалі выжыць, не маючы ежы, вады і медыкаментаў.

Пра перажыты ў нечалавечых умовах кашмар Еўрарадыё расказала мясцовая жыхарка. З Гастомеля Аліне (імя змененае) разам з двума дзецьмі ўдалося эвакуявацца толькі 17 сакавіка.

 

"Чачэнцы пачалі выбіваць дзверы ў пакоях"

— Усё адбылося раніцай 24 лютага. Мы рана ўсталі — і тут адразу такі выбух, што неба пачарнела. Хацелі сесці на маршрутку, з'ехаць, а маршруткі нікуды ўжо не едуць. Хто на сваім транспарце, той змог уцячы, — расказвае Еўрарадыё Аліна. — У вайсковым інтэрнаце быў падвал, мы ўсе спусціліся ў падвал. Потым прыехалі вялікія машыны, выйшлі чачэнцы і пачалі выбіваць дзверы ў пакоях, выцягваць з пакояў людзей. Яны трымалі нас у падвале. Тых, хто не хацеў, таксама загналі ў падвал. Мы там прабылі дваццаць адзін дзень.

“Дети не ели 4 дня, пили воду из канализации”: история спасшихся из Гостомеля
У такіх умовах украінцы ратуюцца ад бамбаванняў / t.me/dsszzi_official

"Сама не ела — усё аддавала дзецям"

— Мы трымаліся каля дзяцей. Я так падумала, што калі б у падвале не было дзяцей, то яны б нам не далі нічога — ні вады, ні хлеба, — працягвае Аліна. — Першыя чатыры дні дзеці сядзелі галодныя, пакуль чачэнцы не падзяліліся хлебам, сухарамі. Дзеці хацелі піць, вады не было. Дзіця лезла рукой у каналізацыю, аблізвала руку і так піло ваду. Чатыры дні дзеці ляжалі галодныя. Дзіця мяне просіць: "Мама, дай печыва". А ў мяне няма ні печыва, ні хоць чаго-небудзь. [У гэты момант размовы з журналістам жанчына не вытрымлівае і плача.]

Я не ела пяць дзён, таму што старалася аддаць дзецям усё, што нам давалі. Дзеці з'ядуць і просяць яшчэ, а ў мяне няма чаго ім даць. Я страчвала прытомнасць, мяне потым ледзь прывялі да прытомнасці. Не перадаць словамі таго, што там было.

Выбухалі то бомбы, то гранаты. Выбухала так, што падвал рухаўся. Здавалася, што сцены абвальваюцца. Апошні раз быў такі выбух, што палова падвала ператварылася ў яму. Мы думалі, нас засыпле, але да нашага кута не дайшло.

Жанчына дзякуе расійскім войскам за тое, што тыя не далі людзям, якія затаіліся ў сховішчы, памерці галоднай смерцю. Яна не разумее, чаму ў падвал не прыйшлі з дапамогай украінцы. Нагадаем, што ў першыя дні вайны ў Гастомелі ішлі баі за аэрапорт. Магчыма, што ўкраінскія байцы фізічна не маглі дабрацца да людзей на акупаваную расіянамі тэрыторыю. У той жа час украінскія СМІ паведамлялі, што расіяне зрываюць гуманітарныя калідоры, арганізаваныя для вывазу гастамяльчан у Кіеў.

“Дети не ели 4 дня, пили воду из канализации”: история спасшихся из Гостомеля
Эвакуацыйны аўтобус / fakty.com.ua

Эвакуацыя не туды

— Крыху пазней чачэнцы кудысьці зніклі, прыехалі рускія. Перад эвакуацыяй прыйшоў адзін чалавек, рускі. Я не ведаю, хто гэта быў, камандзір ці хто яшчэ.

Кажа: "Вам заўтра а сёмай гадзіне раніцы трэба выехаць. Ёсць інфармацыя, што дом узарвуць. Вам трэба выязджаць у Расію". Учора прыехаў чалавек з нашага дома. Кажа, што той падвал на самай справе ўзарвалі, — расказвае Аліна.

У той момант жанчына думала толькі пра тое, як выратаваць дзяцей. Давялося ехаць туды, куды гастамяльчан адпраўлялі расіяне.

“Дети не ели 4 дня, пили воду из канализации”: история спасшихся из Гостомеля
Хто адкажа за дзяцінства маленькіх украінцаў, праведзенае ў падвалах? / УНИАН — новости Украины

— У мяне мама ў Жытомірскай вобласці. Але як мне туды пераехаць, калі ўсё вакол разбомбленае? Вядома, хацелася б дабрацца ў Жытомірскую вобласць, — расказвае Аліна. — Але яны [расіяне. — Еўрарадыё] туды не ехалі. Яны везлі нас толькі ў гэты бок. Я думала, што нас павязуць на Жытоміршчыну. А аказваецца, у нас быў толькі адзін выбар — у Беларусь.

Заставацца там, у падвале, мне не было сэнсу. Куды нас павезлі, туды мы і ехалі. Выйсця не было, трэба было ратаваць дзяцей, яны вельмі моцна кашлялі. Цяпер я даю дзецям лекі, якія нам прывезлі, і ўжо быццам бы нічога. У мяне за час сядзення ў падвале нешта са зрокам стала. Гляджу на літары — а яны расплываюцца. Думаю, потым, як усё трохі сціхне, пайду да акуліста.

“Дети не ели 4 дня, пили воду из канализации”: история спасшихся из Гостомеля
Падвал, які стаў сховішчам для дзяцей і дарослых / t.me/energoatom_ua

Пакуль у бяспецы

Цяпер Аліна разам з іншымі вывезенымі з Гастомеля людзьмі жыве ў гомельскім санаторыі "Чонкі".

— Нас тут кормяць, нам прывозяць адзенне. Тут ёсць цырульня, пастрыглі дзетак бясплатна. Паставілі нам пральную машынку. Нас не выганяюць. Кажуць: "Хочаце застацца — заставайцеся. Будзе праца для вас, школа для дзяцей". Да дзяцей ставяцца добра, — кажа Аліна.

21 сакавіка Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала сусветную супольнасць адрэагаваць на так званую эвакуацыю ўкраінцаў войскамі РФ. "Прымусовы вываз мірных жыхароў на тэрыторыю дзяржавы-агрэсара, у тым ліку дзяцей, мае прыкметы выкрадання. Такія дзеянні — гэта грубае парушэнне міжнароднага права, у тым ліку міжнароднага гуманітарнага права", — нагадвае ўкраінскае МЗС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі