Дзе ў Беларусі здараліся праблемы з газам у жылых дамах

Дзе ў Беларусі здараліся праблемы з газам у жылых дамах

Увечары 27 студзеня ў Барысаве ад атручэння газам памерлі шэсць чалавек — жыхары дзвюх кватэр, размешчаных адна над адной. У ліку загінулых — падлеткі 10 і 17 гадоў. Праверкай здарэння займаецца Следчы камітэт. На службовых асобаў “Барысаўміжрайгазу” пачалі крымінальную справу за неналежнае выкананне службовых абавязкаў.

Такіх здарэнняў у Беларусі раней не фіксавалася. З газам узнікалі іншыя праблемы.

14 лютага 2011 года адбыўся выбух бытавога газу ў новым жылым доме ў пасёлку Энергетыкаў у Дзяржынскім раёне. У выніку выбуху ў пад’ездзе №5 былі пашкоджаныя міжкватэрныя перакрыцці, выбітыя шыбы, у фасадзе дома ўтварылася вялізная дзірка. На шчасце, ніхто не загінуў. Гаспадар кватэры, у якой выбухнуў газ, быў шпіталізаваны з апёкамі 30% цела. Іншых пацярпелых няма, 23 чалавекі здолелі выбрацца з напаўразбуранага пад’езда. Дом быў новым, здаўся толькі ў 2010 годзе.

Спецыялісты МНС назвалі папярэдняй прычынай выбуху парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прыладаў і агрэгатаў, а дакладней, уцечку газу праз негерметычнае абсталяванне.

У вёсцы Малінаўка Лагойскага раёна ў лютым 2012 года адбыўся выбух газу, тады абрынуўся адзін пад’езд, адзін чалавек загінуў, двое атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. Адзін пад’езд трохпавярховага жылога дома быў цалкам разбураны.

Прычынай выбуху тады прызналі ўзгаранне газапаветранай сумесі, якая ўтварылася ў выніку ўцечкі газу. Жыхары дома неаднаразова звярталася ў аварыйную службу праз пах газу, у тым ліку і ў дзень выбуху, але супрацоўнікі не адрэагавалі адпаведным чынам.

У выніку дырэктара аварыйнай службы “Лагойскрайгазу” і старшага майстра асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні з пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

У лютым 2013 года на дзявятым паверсе жылога дома №85 на вуліцы Пляханава ў Мінску таксама адбыўся выбух газу. У выніку загінулі 46-гадовы мужчына і 71-гадовая жанчына.

Па словах экспертаў, выбух адбыўся ад вялікай колькасці газу ў жылых памяшканнях. Каб атрымаць такую канцэнтрацыю, трэба не менш за дзве гадзіны бесперапынна пускаць газ з некалькіх канфорак.

Следчыя кажуць, што пасмяротная комплексная псіхалагічна-псіхіятрычная экспертыза загінулага мужчыны выявіла ў яго псіхічны разлад, які з вялікай доляй імавернасці мог выклікаць суіцыд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі