“Д’ябал — анёл, якому не да законаў”: ксёндз пра сілавікоў, “з якімі Бог”

“Д’ябал — анёл, якому не да законаў”: ксёндз пра сілавікоў, “з якімі Бог”

Праваслаўныя святары зачасцілі ў вайсковыя часці, дзе служаць сілавікі, заўважаныя ў рэпрэсіях. Так, напрыклад, у вайсковую часць 3214 прывезлі копію іконы Божай Маці Жыровіцкай, каб “дабраславіць на абарону радзімы байцоў спецназа” .

Што гэта значыць? Рэжым спрабуе схавацца за плачыма Бога? Гэта ў эфіры Еўрарадыё высвятлялі з ксяндзом Вячаславам Барком.

“Гэта ж заўсёды так было, калі чалавек зробіць паскудныя рэчы, то ён не хоча ўзяць адказнасць за свае ўчынкі. Так было на самым пачатку: Адам і Ева. Яны не прызналіся, што ўчынілі зло. Адам казаў, што Ева яго спакусіла, яна — што вужака спакусіла. Усе спрабуюць схавацца ад таго, што ўчынілі”, — расказвае Барок.   

“Сумленне ўсё ж такі грызе”

Акурат у часе “дабраслаўлення байцоў спецназа” на мерапрыемстве прысутнічаў намеснік міністра ўнутраных спраў і экс-кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў. Міліцэйскі начальнік нават заявіў, што ўсю працу ўнутраных войскаў можна рабіць толькі “з Божай дапамогай”. Ці сапраўды ён лічыць, што займаецца блаславёнай справай? 

“Мы бачым, што сумленне ўсё ж такі грызе. У кожнага ёсць сумленне. Нават той, хто з’яўляецца забойцам. Сумленне ўсё адно прамаўляе. Мы бачым, што сумленне гаворыць, але чалавек шукае сабе апраўданне. Але не знойдзе. Згаджуся з тым, што мы ж ведаем, што ёсць анёлы святла, а ёсць — цемры. Д’ябал таксама анёл, але той, хто не захацеў выконваць волю Божую. Гэта той анёл, у якога ў думках спрацавала формула “не да законаў”. З анёла Люцыфер стаў Д’ябалам. Таксама і тут: гэта анёлы, але я не бачу, што яны анёлы святла”, — тлумачыць яго словы ксёндз.

За іконай не схавацца

“Д’ябал — анёл, якому не да законаў”: ксёндз пра сілавікоў, “з якімі Бог”
Хрэсны ход / vitbichi.by

Аднак, па словах Барка, схавацца за іконай не атрымаецца: 

“Не, гэта немагчыма. Калі чалавек перажывае пэўны стрэс, ён зрабіў шмат кепскага, у яго эмацыйны зрыў, то ён тады ідзе ў царкву на малітву. Але, як правіла, гэта чалавек, які шмат пачынае маліцца, але ён моліцца якім чынам: у малітве ён шмат кажа, што Бог павінен нешта зрабіць. Але не ў гэтым ёсць сутнасць малітвы. Малітва дасканалая, калі чалавек у малітве кажа “Будзь воля твая”, калі ён на малітве не павучае Бога, а калі на малітве слухае тое, што кажа Бог. А ён з намі гаворыць праз наша сумленне. Таму за іконай не схавацца. І гэта непазбежнасць”. 

“Без пакаяння няма будучыні”

Выйсце для сілавікоў, на якіх грэх рэпрэсій, універсальнае. Такое самае, як і для кожнага іншага грэшніка: пакаяцца.

“Каб патлумачыць, што такое пакаянне, звярнуся да евангельскай прытчы пра блуднага сына. Ён пакаяўся ў той момант, калі, сышоўшы да ўзроўню жыцця свіней, ён апамятаўся — згадаў, дзе ягоныя карані, згадаў бацькоўскі дом. І вось гэты момант з’яўляецца зваротным момантам у жыцці асабістым — пайшоў у зусім іншым кірунку, чым ішоў да гэтага. І калі гаворым пра пакаянне ў грамадстве беларускім, то мы таксама павінны апамятавацца — гэта значыць пераасэнсаваць наша жыццё і нашу гісторыю, каштоўнасці, на якіх мы будуем жыццё. Вось у гэты момант мы і зменім наш лёс”.

Наступствы для тых, хто не пакаецца, будуць несуцяшальныя. 

“Біблія кажа, калі не пакаецеся, то ўсе загінеце. I калі ў нашым грамадстве не будзе запатрабаваны момант пакаяння, калі мы скажам “Не трэба каяцца. Як ёсць, так ёсць”, “Давайце перагарнём старонку”, то вось за такімі крокамі чакае проста смерць, а не хацелася б такога. Чаму смерць? Бо без пакаяння няма будучыні”, — папярэджвае Барок. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі