Двары не заснулі: суседзі раз'язджаюцца, але працягваюць змагацца з Лукашэнкам

У двары / Еўрарадыё
У двары / Еўрарадыё

Дваровыя чаты ў 2020 годзе аб'ядналі тысячы беларусаў: людзі збіраліся на раённыя чаяванні, слухалі музыкаў і дамаўляліся пра паходы на маршы. Пасля смерці Рамана Бандарэнкі, наступных жорсткіх затрыманняў і новых тэрмінаў, выпісаных актывістам, суседская актыўнасць як быццам бы трохі сціхла.

"Але дваровы рух як існаваў, так і існуе. Мы нікуды не дзеліся, і з кожным днём нас становіцца толькі больш", — расказвае Еўрарадыё адна з заснавальнікаў ініцыятывы ДАР Леакадзія Коян, якая цяпер жыве ў Польшчы.

Калі коратка, ДАР аб'ядноўвае дваровых актывістаў, якія апынуліся за мяжой. Ратуючыся ад беззаконня і крымінальнага пераследу ў Беларусі, многія з іх пераехалі і стварылі ўласную ініцыятыву, каб разам знайсці спосаб, як перамагчы рэжым і хутчэй вярнуцца дадому.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Леакадзія Коян расказвае, чым займаецца ініцыятыва, як змяніўся настрой у дваровых чатах за год і чаму важна працягваць змагацца далей, хай і зусім ціха.

Дворы не уснули: соседи разъезжаются, но продолжают бороться с Лукашенко
"За што забілі Рому?" / Еўрарадыё

Леакадзія: На жаль, праз палітычную сітуацыю ў краіне многім дваровым актывістам, як і мне, давялося з'ехаць. Нягледзячы на гэта, мы не прыпынілі сваю дзейнасць. Спачатку збіраліся малымі групамі, але ў чэрвені была першая вялікая сустрэча, калі мы вырашылі, што будзем развівацца як асобная ініцыятыва.

Першапачаткова было вырашана дапамагаць з пераездам і адаптацыяй на месцах тым, хто пераязджае. Нас вельмі шмат не толькі ў Польшчы, але і ў Літве, і ва Украіне, і ў іншых краінах.

Куды б наш актывіст ні трапіў, мы яго суправаджаем да бяспечнага месца, дапамагаем уладкавацца, каб ён і далей мог удзельнічаць у дваровым руху. Наша мэта — пасяліць і дапамагчы знайсці чалавеку працу, зрабіць усё магчымае, каб ён працягваў барацьбу.

 

Еўрарадыё: Праз пастаянны ціск сілавікоў людзі практычна перасталі выходзіць на раённыя акцыі. Самыя актыўныя раз'ехаліся. Хіба можна гаварыць пра існаванне дваровага руху ў такіх умовах?

Леакадзія: Беларусы працягваюць змагацца з рэжымам як на радзіме, так і за мяжой. У нас вельмі шмат валанцёраў у розных краінах. Нічога не сціхла. З тымі, хто працягвае выходзіць, мы таксама трымаем сувязь, але я б не хацела расказваць падрабязна, бо гэтыя людзі не знаходзяцца ў бяспецы.

Дворы не уснули: соседи разъезжаются, но продолжают бороться с Лукашенко
"Будзем маўчаць далей?" / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Чым цяпер займаюцца дваровыя актывісты? Як працягваюць сваю барацьбу?

Леакадзія: Мы супрацоўнічаем з прадстаўнікамі ўсіх дэмакратычных сіл. Даносім інфармацыю да еўрапейскай супольнасці. Падтрымліваем тых, хто застаецца ў Беларусі. Карацей, ціснем з усіх бакоў на рэжым, наколькі можам, знаходзячыся тут. Мы стараемся працаваць так, каб людзі, якія засталіся ў Беларусі, пастаянна адчувалі нашу падтрымку і разумелі, што ніхто з нас тут не пачаў жыць сваім новым жыццём, а мы як змагаліся, так і працягваем змагацца.

 

Еўрарадыё: Як змяніліся настроі людзей у дваровых чатах пасля 2020 года?

Леакадзія: Людзі як былі супраць рэжыму, так і засталіся. Нельга сілай прымусіць любіць уладу. Многія пастаянна пішуць, што жыць як раней ужо нельга, гэта невыносна. Так, пакуль народ не выходзіць на шматтысячныя маршы са зразумелых прычын, але я ўпэўненая, што, калі мы будзем нарошчваць салідарнасць і прыносіць рэальныя вынікі сваімі справамі, да барацьбы падключыцца яшчэ больш людзей і яны выйдуць на вуліцы зноў.

Цяпер улада трымаецца на гвалце, але так таксама не можа працягвацца вечна. Людзі, што засталіся ў Беларусі, ведаюць, што ў большасці сваёй тыя тысячы чалавек, якія выехалі, не хочуць заставацца тут і збіраюцца назад. Мы ўсе хочам вярнуцца дадому.

Дворы не уснули: соседи разъезжаются, но продолжают бороться с Лукашенко
Жыве вечна! / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Суседзі выходзілі на вуліцы, ладзілі чаяванні, упрыгожвалі раёны, паркі, хадзілі адно да аднаго ў госці. Няўжо цяпер усё трымаецца толькі на ліставанні ў чатах?

Леакадзія: Так, усім гэтым займаліся дваровыя актывісты. На жаль, збірацца адкрыта ўжо немагчыма. Улада цісне на актывістаў, прыходзіць нават без дай прычыны і імкнецца загнаць дадому. Але нават прыходы з ператрусамі не змянілі пазіцыі людзей: мы як былі супраць, так і застаёмся.

Суседзі працягваюць мець зносіны адно з адным. Беларуская салідарнасць, якая нарадзілася ў нашых дварах у 2020-м, нікуды не знікла. Людзі збіраюцца і пішуць лісты палітвязням, адпраўляюць пасылкі, дапамагаюць іх сем'ям.

Праца працягваецца, проста цяпер мы не можам убачыць вялікую прыгожую карцінку. Гэта адбываецца ціха, сціпла, але з карысцю. Калі мы пачнём усюды крычаць, колькі пасылак перадалі палітвязням, магчыма, гэта будуць іх апошнія пасылкі.

Наша задача цяпер — зрабіць справу, а не распіярыць яе. Нашы ўлады ведаюць пра гэта і баяцца: саджаюць адных, але нічога не канчаецца, таму што з'яўляюцца іншыя, ходзяць на суды, носяць пасылкі, шукаюць адвакатаў і гэтак далей. Усе ўсё роўна, як пальчыкі ў кулачку, разам.

 

Еўрарадыё: Ці часта ў чаты прыходзяць правакатары? Ці ёсць сярод іх тыя, хто пагражае?

Леакадзія: Так, пішуць, пагражаюць альбо прапаноўваюць супрацоўніцтва ў тым ліку ўдзельнікам нашага руху. Гэта гаворыць пра іх слабасць, а не пра сілу. У адказ мы можам толькі пасмяяцца.

 

Еўрарадыё: Як прайшлі для ДАР апошнія месяцы 2021-га?

Леакадзія: Мы працягвалі падтрымліваць беларусаў, якія пераехалі, таксама наладзілі сувязь з нашымі актывістамі, якія, на жаль, апынуліся ў лагеры для ўцекачоў. Спрабуем выцягнуць іх адтуль, дапамагчы з жыллём і пошукам працы.

Шмат каму з тых, хто пераязджае, патрэбна псіхалагічная дапамога. Мы знайшлі спецыялістаў, якія яе аказваюць.

Апякуем шмат шматдзетных сем'яў, а таксама мам з дзеткамі, якія былі вымушаныя выехаць з краіны без мужоў. У тым ліку дапамагаем ім прадуктамі.

Наладжваем сувязі з дыяспарамі і вельмі ўдзячныя ім за тое, што яны падключаюцца. Неабыякавыя людзі знайшліся і ў Германіі, і ў Італіі, і ў Іспаніі, і ў Нідэрландах. Нам дапамагаюць рэчамі і падарункамі.

Напрыклад, дзякуючы італьянцам больш за 80 сем'яў змаглі атрымаць падарункі пад Новы год. Таксама ў нас з'явіўся склад гуманітарнай дапамогі, дзе працуюць валанцёры, а хутка адкрыецца новае памяшканне. Я лічу, што нам удалося зрабіць шмат добрага, улічваючы, што сама ініцыятыва ўтварылася толькі мінулым летам.

Еўрарадыё: У якім стане прыязджаюць дзеці?

Леакадыя: Цяжка і дарослым і дзецям. Часам хочацца плакаць, таму што нашы дзеці не заслужылі такога жыцця. Асабліва гэта разумееш, калі знаёмішся з іх надзвычайнымі бацькамі, якія зрабілі столькі ўсяго карыснага. Мы размаўляем з прадстаўнікамі дыяспар, каб яны дапамаглі вывозіць дзяцей на рэабілітацыю ў іншыя краіны. Хочам, каб у іх была магчымасць паглядзець на іншае жыццё і пераключыцца.

Дзецям цяжка, таму што цяжка бацькам, якім даводзіцца за кароткі час перакройваць сваё жыццё праз ганенні на радзіме. Натуральна, з гэтым няпроста справіцца, і, натуральна, гэта ўплывае на дзяцей. Калі ўлічыць, што многія бацькі пры пераездзе страцілі працу, ім не заўсёды стае грошай нават на нейкія маленькія радасці сваім дзецям. Мы стараемся дапамагаць, каб дзеткі хутчэй адаптаваліся.

Яшчэ хачу адзначыць, што большасці беларускіх дзяцей падабаецца вучыцца ў польскіх школах. Там шмат настаўнікаў, якія ўсё разумеюць; дзеці параўноўваюць і кажуць, што беларуская і польская школы — як неба і зямля. Так, даводзіцца вучыць новую мову. Але мы разам, і гэта вельмі важна.

 

Еўрарадыё: Ці шмат пераязджае мам з дзецьмі, таму што мужы сядзяць у беларускіх турмах?

Леакадзія: Так, ёсць такія сем'і. Але мы не фонд і не займаемся глыбокай рэлакацыяй, каб я назвала дакладную колькасць. Гісторыі даведваемся ад валанцёраў. Дапамагаем, як можам, каб людзі змаглі стаць на ногі. Тое, як гэтую сітуацыю ўспрымаюць беларускія жанчыны, варта павагі. Многія ўжо пайшлі вучыцца, прымудраюцца сумяшчаць вучобу з працай і цягнуць дзяцей. Пра гэта можна размаўляць гадзінамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі