Вы тут

Дубль два. Забаронены расійскі гурт IC3PEAK вяртаецца ў Мінск

Афіцыйная афіша канцэрта

Маскоўскія электроншчыкі IC3PEAK, нягледзячы на сарваны выступ і забарону ў снежні мінулага года, зноў прыедуць у Мінск. Прадстаўнікі гурта паведамілі Еўрарадыё, што IC3PEAK ужо атрымалі гастрольнае пасведчанне і ў ліпені дадуць вялікі канцэрт.

“Мы пачалі весці перамовы з Мінгарвыканкам яшчэ ўзімку. За гэты час было зроблена шмат усяго. Перш за ўсё, мы прадаставілі дэталёвае незалежнае пcіхолага-лінгвістычнае заключэнне тэкстаў апошніх альбомаў "Сладкая жизнь" і "Сказка", якія плануецца выканаць, — распавялі Еўрарадыё арганізатары. — Поўныя аналізы словаў і значэнняў, апісанні лірычных герояў у трэках — з усім гэтым чыноўнікі азнаёміліся, аднак жа дазволілі правесці канцэрт толькі з рэйтынгам 18+, нягледзячы на заключэнне, у якім ўзрост слухачоў быў пазначаны як 16+”.

Прадстаўнікі гурта кажуць, што гэтым разам зрабілі працу над памылкамі, якія былі зроблены ў мінулы раз. Акрамя таго, IC3PEAK — не адзіныя музыкі, якія нарэшце атрымалі дазвол пасля папярэдніх забаронаў. Так, восенню плануецца канцэрт Boulevard Depo і выступ правакацыйнага Big Baby Tape. Абодва рэперы ўпершыню выступяць у Беларусі.

Калі ж вам так і не давялося патрапіць на мінулы выступ максоўскіх электроншчыкаў IC3PEAK, то варта прыйсці 25 ліпеня ў клуб Re:Public. Квіткі можна набыць на пляцоўцы bezkassira.by, у касах клуба і некаторых магазінах. Кошт складае ад 25 да 55 рублёў. Поўная інфармацыя пра канцэрт знаходзіцца па гэтай спасылцы.

Як паведамляла Еўрарадыё, мінулым разам IC3PEAK мусілі выступіць у Мінске 13 снежня, але атрымалі забарону на выступ у дзень канцэрта. А пра цэнзуру выказаўся нават кіраўнік краіны. Праз некалькі гадзін дуэт усё ж паспрабаваў даць канцэрт, але той доўга не працягнуўся. Пра свае прыгоды ў Мінску музыкі распавядалі ў прамым эфіры Еўрарадыё: