Вы тут

Другі энергаблок БелАЭС гатовы на 80%, паліва ў яго загрузяць ужо сёлета

Беларуская АЭС у Астраўцы / Еўрарадыё​

Другі энергаблок БелАЭС гатовы на 80%, заявіў у эфіры Беларускага тэлебачання міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч. Рэактар сабраны, і ў яго загружаныя імітатары цеплавыдзяляльных зборак. Спецыялісты гатовыя перайсці да наступнага подэтапу — "так званай холадна-гарачай абкатцы рэактарнай устаноўкі".

Па словах Каранкевіча, на працягу гэтага года на станцыю будзе дастаўлена паліва для другога энергаблока. Запланаваны яго загрузка ў рэактар і "пачатак правядзення фізічнага пуску". Міністр распавёў, што ў рамках гэтага этапу на другім энергаблоку "будзе праведзена 135 выпрабаванняў".

Каранкевіч таксама распавёў аб тым, як ідуць справы на першым энергаблоку. Там працягваецца этап доследна-прамысловай эксплуатацыі. Падчас гэтага этапу, паводле яго слоў, праводзяцца адпаведныя выпрабаванні і рэгламентныя работы. Ужо выкананы 309 выпрабаванняў з запланаваных 394.

"Калі будуць паспяхова выкананы ўсе выпрабаванні, у далейшым мы пяройдзем на блоку да комплекснага апрабавання абсталявання. Гэта праца на намінальнай магутнасці рэактарнай ўстаноўкі  напрацягу 15 сутак", — распавёў ён.

Менавіта правядзеннем планавых выпрабаванняў тлумачаць у Мінэнерга пастаянныя адключэнні і ўключэнні ў сетку першага энергаблока БелАЭС.

У снежні 2020 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю блокаў БелАЭС. Першы энергаблок павінен быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2021 годзе — пасля падпісання адпаведнага акта прыёмачнай камісіяй, другі — у першым паўгоддзі 2022.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.