Вы тут

Досвед Фінляндыі: Ці дапамагае безумоўны гарантаваны прыбытак шукаць працу?

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніцаў

У Фінляндыі падводзяць вынікі сацыяльнага эксперыменту з выплатай безумоўнага гарантаванага прыбытку беспрацоўным. Як перадае ВВС, сутнасць эксперыменту палягала ў тым, што 2 тысячам беспрацоўных грамадзянаў цягам двух гадоў (ад студзеня 2017 да снежня 2018 года) кожны месяц выплочвалі фіксаваную суму ў 560 еўра. Прыбытак быў гарантаваны незалежна ад таго, ці знойдуць гэтыя людзі працу. Ніякіх умоваў не вылучалі.

Меркавалася, што безумоўны гарантаваны прыбытак дасць людзям час на пошукі працы або на засваенне новай прафесіі ці адкрыццё ўласнага бізнесу, што ў выніку скароціць колькасць беспрацоўных.

Адна за два гады эксперыменту беспрацоўе не знізілася, затое ўдзельнікі выпрабавання новай эканамічнай мадэлі адчулі сябе больш шчаслівымі і ў іх знізілася адчуванне заўсёднага стрэсу.

Спробы ўвесці такі гарантаваны прыбытак робяцца ў многіх краінах свету і крытыкуюцца ўсімі палітычнымі плынямі. Адзначаецца, што гэта можа стаць завялікай нагрузкай для бюджэту і спарадзіць культуру, у якой людзі будуць чакаць грошай, не спрабуючы працаваць.