Для сістэматычных парушальнікаў ПДР могуць узмацніць адказнасць

Для сістэматычных парушальнікаў ПДР могуць узмацніць адказнасць

У Беларусі могуць узмацніць адказнасць за сістэматычныя парушэнні Правілаў дарожнага руху (ПДР). Пра гэта заявіў начальнік упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Дзмітрый Карзюк, перадае БЕЛТА.

"Ёсць прапанова за некалькі аднатыповых парушэнняў правілаў дарожнага руху, учыненых запар, усталяваць больш жорсткую адказнасць", — паведаміў Карзюк. Сістэматычнымі, па яго словах, могуць лічыцца тры і больш аднатыповых парушэнняў. Кіраўнік ДАІ ўдакладніў, што гэтая прапанова знаходзіцца на ўзгадненні і можа быць прынятая бліжэйшым часам.

Тэма больш жорсткіх пакаранняў была закранутая журналістамі ў сувязі з нядаўнім маніторынгам працы маршрутных таксовак на Віцебшчыне. 8 кастрычніка інспектары негалосна праехалі ў маршрутках па Віцебску ў якасці пасажыраў. Таксама яны праехалі ў мікрааўтобусах да Мінска, Полацка і вярнуліся назад у Віцебск. Агулам даішнікі праверылі каля 30 машын, выявілі 74 парушэнні ПДР і перавозкі пасажыраў.

Карзюк падкрэсліў, што ДАІ працягне практыкаваць схаваныя метады працы. "Кіроўцы маршрутак заўсёды спяшаюцца, проста ляцяць. Ім трэба перавезці як мага больш пасажыраў. І таму маршруткі ў нас пад асаблівым кантролем", — дадаў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі