Дэвальвацыя юаня можа выклікаць такі ж сусветны крызіс, як у 2008 годзе

Народны банк Кітая 12 жніўня працягнуў дэвальвацыю юаня. Курс кітайскай валюты за два дні знізіўся на 3,5%. Гэта адразу выклікала негатыўную рэакцыю амерыканскіх фондавых біржаў, што адбілася на ранішніх таргах у сераду на біржах Азіі. Індэкс японскай фондавай біржы “Nikkei 225” знізіўся на 1,2%. Паўднёвакарэйскі індэкс “Kospi” таксама страціў 1,2%. Навіны з Кітая адбіліся і на індэксе аўстралійскай фондавай біржы “S&P/ASX 200”, панізіўшы яго на 0,5%. Дэманструюць падзенне і біржы Еўропы. Абваліліся іншыя рэгіянальныя валюты, а таксама валюты сыравінных партнёраў Кітая.

Біржавыя аналітыкі мяркуюць, што праз дэвальвацыю кітайскія ўлады спрабуюць паўплываць на паніжэнне эканамічных паказчыкаў. Паводле іх, аб’ём экспарту КНР у ліпені знізіўся больш чым на 8%.

Незалежны эканаміст і спецыяліст па маркетынгавай стратэгіі Джэф Льюіс так каментуе Euronews прычыны дэвальвацыі юаня:

“Праблема ў тым, што мы прывыклі да стабільнага юаня, да замацаванага абменнага курсу, нягледзячы на ўсе размовы аб пашырэнні валютнага калідора. Амерыканскі долар цяпер умацаваўся, таму кітайскія тавары становяцца даражэйшымі”.

Міністэрства гандлю Кітая ўжо заявіла, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты дапаможа кітайскаму экспарту.

МВФ пахваліў ўлады КНР і назваў такое рашэнне Народнага банка “правільным крокам”, дзякуючы якому курс юаня будзе ў большай ступені вызначацца рынкавай кан’юнктурай.

А вось на думку аналітыка еўрапейскага фінансавага кангламерату Société Générale Альберта Эдвардса, дэвальвацыя юаня наўрад ці будзе аднаразовай. І такая сітуацыя можа прывесці да “хвалі дэфляцыі” ў заходнім свеце.

“Мы чакаем, што павелічэнне тэмпаў рынкавай дэвальвацыі накіруе хвалі дэфляцыі на Захад. Яны могуць скасаваць выпакутаваную карпаратыўную рэнтабельнасць і адштурхнуць нас назад да рэцэсіі. Інвестары ўжо адзначаюць, што яшчэ адна рэцэсія без якой-небудзь нармалізацыі працэнтных ставак ці то бюджэтных дысбалансаў можа выклікаць на фінансавых рынках такі ж крах, як у 2008 годзе”, — цытуе эксперта The Guardian.

Разам з тым у сераду працягнуў падзенне расійскі рубель, следам за якім аслабела і беларуская валюта. Долар у Беларусі падаражэў на 218 рублёў — да 15 989, курс еўра павысіўся на 387 рублёў і складае 17 759. Абменнікі прадаюць долары больш чым па 16 тысяч рублёў.

Фота: therealarmand.com, vistanews.ru, Reuters.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі