Дэпутат пра закон аб СМІ: Такія дакументы павінны выносіцца на абмеркаванне

Як даведалася Еўрарадыё, гэты скандальны праект прыйшоў у Палату прадстаўнікоў 15 снежня ў панядзелак, а галасавалі па ім у сераду, 17 снежня, адразу ў першым і другім чытанні. У дэпутатаў было два дні і не толькі гэты праект.

Дэпутат Мікалай Іванчанка лічыць папраўкі неабходнымі, як рэакцыю на тое, што адбываецца ў сеціве. І раптам кажа, што трэба яшчэ дапрацоўваць. Як жа, калі закон ужо прынялі?

"Патрабуюцца яшчэ дапаўненні аб узроўні працы СМІ. Я думаю, прыняцце закона было акцэнтаванае забруджаннем інтэрнэту, там больш на гэта акцэнт. Але, думаю, у наступным годзе ці паўгоддзі мы вернемся да неабходнасці больш кардынальных заканадаўчых актаў у галіне не толькі забараняльных мераў але павышэння ўзроўню СМІ. Яшчэ чакае вялікая праца".

Аказваецца, закон прадыктаваны забруджаннем інтэрнэту, а мы тут гадаем, навошта ён і чаму ў такой спешцы.

"Я згодны, што такія дакументы павінныя ў будучыні выносіцца на абмеркаванне. У СМІ і грамадстве. Таму я думаю, што ў наступным годзе мы да гэтай тэмы вернемся", — кажа дэпутат.

Што да самога тэксту дакумента, то Мікалай Іванчанка кажа, што чытаў яго. Але перад сабой не мае, інакш бы "мог больш дэтальна пазнаёміцца" і адказаць на ўсе пытанні па факце. А пакуль раіць звярнуцца ў профільную камісію. Дадае толькі, што ў дакуменце не прапісаны прынцып рэгістрацыі СМІ, але прыцягненне да адказнасці праходзіць там "чырвонай ніткай". Механізм вызначэння, які сайт адносіць да СМІ, будуць вырашаць у працэсе, “бо нельга ўсё прапісаць у законе”.

Чаму дэпутаты не могуць адказаць на простыя пытанні па законе, за які самі галасавалі? Кожны цікавіцца тым, што яго хвалюе. Вадзіма Дзевятоўскага найбольш хвалявала пытанне каментараў на інтэрнэт-сайтах.

"Я спытаў, ці будуць трапляць пад дзеянне закона каментары, таму што гэта таксама зона адказнасці, на маю думку, тых, хто дае пляцоўку для дыскусіі. Ці будуць пляцоўкі адказваць за тое, што каментуецца? Бо мяне турбуе, што часам мы бачым хлуслівую інфармацыю у каментарах, а таксама дыскрэдытацыю і абразы".

Па словах міністра інфармацыі, адказваць за каментары будуць самі пляцоўкі. Праўда, як гэта будзе адбывацца, пакуль невядома. 

Рэч у тым, што на сённяшні дзень адказнасць за каментары нясе той, хто іх піша. І ў судовай практыцы пакуль не было прыкладаў, каб да адказнасці прыцягвалі пляцоўку. Бо раней яны не лічыліся СМІ і дзейнічаў указ прэзідэнта №60. Цяпер сітуацыя змянілася.

Вадзім Дзевятоўскі лічыць, што гэта добра. Бо чалавек, можа не мець магчымасці звярнуцца ў суд ці не ведаць пра свае правы. Цяпер жа за абразы зможа проста караць Мініфармацыі без звароту ў суд.

За парушэнні будзе выносіцца папярэджанне, пасля двух папярэджанняў цягам года доступ да старонкі могуць заблакаваць.

У Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі дакладна мусілі вывучыць ў папраўках кожную коску. У прыёмнай камісіі просяць ператэлефанаваць праз 10 хвілін і на цэлы дзень уключаюць факс у аўтаматычным рэжыме.

Старшыня камісіі Андрэй Навумовіч адказвае па мабільным тэлефоне і спасылаецца на занятасць. На пытанне, калі будзе вольны, дэпутат адразае — пагаварыць не атрымаецца зусім.

Згодна з рэгламентам працы Палаты прадстаўнікоў, “праца над праектам закона робіцца адкрыта і галосна”.

Фота: vestipmr.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі