Дэпутат: Годзік абкатаем — паглядзім, як яно працуе

У момант прыняцця законапраекта дэпутаты працягвалі задаваць удакладняючыя пытанні генпракурору Аляксандру Канюку. Ды якія!



“Калі ўжо была канфіскацыя, а чалавек набывае новы аўтамабіль і зноўку трапляецца нецвярозым — якія будуць наступствы?”цікавіцца ў Канюка адзін з дэпутатаў.



“Канфіскуюць і яго”, — дае адказ генпракурор. І тлумачыць дэпутатам, якія некалькі месяцаў вывучалі і працавалі над гэтым законапраектам: “Адразу — калі гэта правапарушэнне трэцяе за год, а калі год пасля канфіскацыі першага аўто прайшоў, то ўсё пачынаецца па новай: па першым разе — адміністрацыйная адказнасць (штраф да 10 мільёнаў рублёў і пазбаўленне правоў. — заўв. Еўрарадыё), за другі — канфіскацыя”.



Можа, дэпутаты паспяшаліся і прынялі закон недапрацаваным? Каб нешта ўдасканальваць пасля? З законам усё ў парадку, упэўнівае Еўрарадыё старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Аляксандр Зазуля. Проста з асобнымі артыкуламі складана з наскоку разабрацца. Да прыкладу, ці абавязкова ваш аўтамабіль канфіскуюць, калі не вы ім кіравалі? Не абавязкова, абнадзейвае дэпутат Зазуля.



Аляксандр Зазуля: “Канфіскацыя аўтамабіля можа быць толькі ў тым выпадку, калі ва ўласніка ёсць віна. Калі ж ад уласніка не залежыла тое, што за рулём апынуўся чалавек без правоў ці той, каго ўжо адзін раз за кіраванне нецвярозым затрымлівалі, то ваш аўтамабіль канфіскаваны не будзе”.



Да прыкладу: вы давяраеце некаму свой аўтамабіль, а гэты чалавек перадае яго трэцяй асобе, якая і трапляецца двойчы даішнікам нецвярозай. Ці — аддавалі машыну сябру, які “не ўжывае, не прыцягваўся, з дрэннымі кампаніямі не сябруе”, а ён двойчы за год нецвярозым — за руль. Толькі трэба ўмець гэта суду давесці, папярэджвае Зазуля.



Аляксандр Зазуля: “Ёсць пэўны працэс, судовыя моманты, працэсуальнае заканадаўства — неабходна проста ўсё гэта правільна… праводзіць. Доказная база павінна быць”.



Карацей, вы павінны ўмудрыцца давесці суду: вы нават падумаць не маглі, што той, каму даверылі свой аўтамабіль, такі “бяка”!



Па-ранейшаму не зразумела, як заканадаўча замацаванае права на канфіскацыю аўтамабіля ўжываецца з гарантаваным Канстытуцый правам уласнасці. Аляксандр Зазуля прызнаецца: гэта супярэчнасць і яму не давала спаць начамі.



Аляксандр Зазуля: “Для сябе я прыняў, што можна схіліцца да гэтага падыходу (парушаць права ўласнасці і канфіскоўваць аўтамабіль. — заўв. Еўрарадыё), бо тут насамрэч аўтамабіль з’яўляецца прыладай злачынства”.



А ці канфіскуюць аўто, калі першы раз вас нецвярозым затрымалі да набыцця законам моцы, а другі — пасля? Начальнік сталічнай ДАІ Дзмітрый Карзюк падчас “прамой тэлефоннай лініі“ прызнаецца Еўрарадыё: яшчэ дакладна невядома, як будзе прымяняцца новы закон.



Дзмітрый Карзюк: “Самога механізму рэалізацыі пакуль няма. Але верагодней за ўсё, што лічыць парушэнні пачнуць толькі пасля набыцця моцы”.



Тым не менш, распавядае Дзмітрый Карзюк, адпаведныя органы ўжо пачалі вывучаць пытанне наконт ўзмацнення адказнасці за перавышэнне хуткасці, увядзення адказнасці за ўжыванне зімовых шын улетку, “за дзіцячыя крэслы”, спыненне-стаянку ў неналежным месцы, за “падразанне” і гэтак далей.


Грамадскі аўтаактывіст Арцём Шаркоў згодны, што за ўсе гэтыя парушэнні караць трэба больш жорстка. Але раіць думаць не толькі пра карныя метады.



Арцём Шаркоў: “Дзеянні ўладаў не павінны быць аднабокімі. Калі кажуць пра тую ж паркоўку — на траву, безумоўна, заязджаць не трэба, але і паркоўкі таксама павінны быць! Трэба прафілактыкай займацца, выхаваннем, у школах тым жа даішнікам праводзіць урокі па бяспецы руху”.



Аляксандр Зазуля не выключае, што калі новы закон пачне дзейнічаць, то нават “нармальны грамадзянін можа патрапіць пад нязручнасці”. Але, дзеліцца дэпутат, вырашылі: “Годзік абкатаем гэту пазіцыю — нішто ж не перашкаджае па тых фактах, якія пойдуць, паглядзець, як яно ўсё працуе”.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі