Дэпутат Дубовік: Я суправаджаў на радзіму вернікаў з-пад Пензы

Расійскія ўлады выслалі шэсць беларусаў, а сярод іх траіх непаўналетніх, якія з лістапада чакалі «канца свету» ў малельным доме на Пензеншчыне. Рашэнне пра дэпартацыю прыняў мясцовы суд. Разам з вернікамі ехаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Дубовік.
Як паведаміў Еўрарадыё Дубовік, афіцыйны прадстаўнік беларускіх уладаў у справе вяртання нашых грамадзянаў з Пензенскай вобласці, дарога да Мінску заняла 21 гадзіну:

«Мы прыехалі абсалютна спакойна. Да Оршы – на «Газелі». З Оршы – на цягніку. Я хачу сказаць адназначна, што ні я, ні іншыя людзі, якія з імі працавалі, не змаглі іх пераканаць у іх веры. Праўда, моцна і не спрабавалі… Вера ў іх вельмі моцная».

З Мінску вернікаў адправілі ў Брэст, бо яны жыхары Жабінкаўскага раёна. Мікалай Дубовік перакананы, што дэпартаваныя з Расіі беларусы добра ўладкуюцца на радзіме і больш не будуць з’язджаць у замежжа:

«Я думаю, што яны вернуцца ў свае вёскі, дзе жывуць такія ж добрыя, памяркоўныя беларусы. Я перакананы, яны дапамогуць ім маральна. Дапамогуць і прадуктамі харчавання, таму што яны ў краме нічога не купляюць. І будуць працягваць звыклы лад жыцця. Бо верыць ім ніхто не забараняе».

Паводле словаў Дубовіка, можна меркаваць, што ў зямлянцы на Пензеншчыне яшчэ застаюцца ад 28 да 36 чалавек. Сярод іх можа быць 9 беларусаў: 7 дарослых і двое дзяцей.

Фота - www.kp.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі