Вы тут

Дэмакратычную актывістку з Гомеля падазраюць у крадзяжы з "Еўраопта"

Алена Луцковіч, фота: facebook.com

Каля тыдня таму гомельская актывістка з "Маладых дэмакратаў" Алена Луцковіч даведалася, што яе шукае міліцыя. Жанчыну падазравалі ў крадзяжы з крамы "Еўраопт". Гомельскія праваахоўнікі апублікавалі відэа, на якім бачна, як актывістка ходзіць уздоўж гандлёвых радоў і быццам нешта кладзе сабе ў сумку. Сюжэт пра "крадзяжы" паказалі па мясцовым тэлебачанні. Міліцыя заклікала ўсіх, хто пазнаў гераіню, паведаміць пра гэта праваахоўнікам, піша nn.by.

"Відэа ўбачыла мая мама, — расказвае Алена Луцковіч. — Я спачатку хацела патэлефанаваць у міліцыю, высветліць, але не стала. Бо гэта проста смешна — калі які-небудзь пікет ці акцыя, то міліцыя ля маіх дзвярэй адразу. А тут тры месяцы мяне шукаюць і не могуць знайсці. Але міліцыя дакладна ведае, хто я, як мяне завуць, ведае і адрас, і мабільны. Я не разумею, навошта ім трэба мяне ганьбіць на ўвесь раён".

Пасля таго як відэа пачалі абмяркоўваць у сацыяльных сетках, актывістцы патэлефанаваў участковы і, па яе словах, ветліва запрасіў даць тлумачэнні.

Алена Луцковіч запэўнівае, што крадзяжу не было, і падазрае, што відэа змантавалі наўмысна.

У гомельскай міліцыі паведамілі, што пакуль не распачалі крымінальную справу — праводзіцца праверка.