Вы тут

Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла запланаваную сустрэчу з беларускімі дэпутатамі

Андрэй Савіных / Еўрарадыё

Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла запланаваную сустрэчу з дэпутатамі беларускай Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных

Беларускі дэпутат выказаў здзіўленне гэтым крокам еўрапейскіх палітыкаў. 

"Сустрэча была заяўленая, мы да яе рыхтаваліся. Гатовыя былі абмяркоўваць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі любыя пытанні, якія ўяўляюць для іх інтарэс. Мы лічым, што дыялог і кантакты з’яўляюцца ўніверсальным сродкам вырашэння любых канфліктаў і непаразуменняў. На жаль, нашая працягнутая рука апынулася пустой па віне нашых еўрапейскіх партнёраў. Спадзяюся, што некалі цвярозы сэнс пераможа і мы зможам весці нармальны дыялог з Еўрапейскім парламентам. Тым больш цяпер мы бачым актывізацыю кантактаў практычна на ўсіх трэках нашых адносінаў з Еўрапейскім Саюзам", — заявіў Савіных у каментары Еўрарадыё.

Па яго словах, канкрэтныя тэмы для абмеркавання загадзя не называліся. Але хутчэй за ўсё маглі б абмяркоўвацца такія тэмы, як смяротнае пакаранне, свабода СМІ, дэмакратызацыя Беларусі. 

У дэлегацыю Еўрапарламента, якая прыехала ў Беларусь, уваходзяць намеснікі кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбро (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.