Дэкрэт аб дармаедах абмеркавалі за 28 хвілін

У сераду 6 траўня дэпутаты парламента абмяркоўвалі дэкрэт прэзідэнта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Практычна ўклаліся з гэтай справай у 28 хвілін 36 секунд: 6 хвілін 15 секунд выступала з дакладам міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, 22 хвіліны 21 секунду міністру задавалі пытанні дэпутаты і атрымлівалі адказы.

У выступе міністр звяртае ўвагу на “канстытуцыйнасць” гэтага дэкрэта – на “абавязак грамадзян браць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў”. 

Марыяна Шчоткіна: “Дэкрэт прыняты з мэтай стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці. І, трэба сказаць, што ў службу занятасці за садзейнічаннем у працаўладкаванні толькі за першы квартал звярнуліся каля 16 тысяч грамадзян, доўгі час не працаваўшых”.

Міністр нагадвае, што кожны абавязаны працаваць не менш за 183 дні на год, а калі не хоча гэтага рабіць – “выплачваць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, якія ідуць у мясцовыя бюджэты і бюджэт Мінска”. Пералічвае тых, хто ад выплаты гэтага “збору” вызваляецца, і нагадвае чарговы раз, што пагражае тым, хто адмаўляецца працаваць (дай дзяржаве 20 базавых -- 3 мільёны 600 тысяч рублёў) ці ўзгаданы “збор” выплачваць (штраф ад 2 да 4 базавых ці адміністрацыйны арышт з выкананнем грамадска карысных прац).

У прынцыпе, тэкст дэкрэта вядомы не першы дзень, не адзін раз абмяркоўваўся на розных узроўнях, і таму сэнсу ў доўгім выступе сапраўды не было. Іншая справа, што і прэтэнзій да дэкрэта агучвалася шмат – можа дэпутаты іх чулі і захочуць “прыціснуць” міністра вострымі пытаннямі “з народа”? Пытанні ў дэпутатаў былі: ажно 6 пытанняў.

Да прыкладу, задалі вельмі важнае пытанне, ці ўлічваўся падчас распрацоўкі дэкрэта замежны вопыт. Дэпутат Яўген Абаленскі цікавіцца, ці падумалі распрацоўшчыкі дэкрэта, як прымусіць працаваць тых, хто працаваць не хоча? А дэпутат з Жодзіна Дзмітрый Харытончык, дзе месціцца вядомая папраўчая калонія, выказвае абурэнне: чаму зняволеных вызвалілі ад выплаты “збору” за дармаедства?

Дзмітрый Харытончык: “Яны не вядуць звычайнае працоўнае жыццё ў сувязі са здзейсненымі крымінальнымі дзеяннямі. І пры гэтым патрабаванне па фінансаванні дзяржзатрат да іх не прымяняецца! Зразумела, што ў гэтых людзей асаблівы прававы статус. Але, з пункту гледжання дадзенага дэкрэта, чым яны лепш за людзей, якія па розных прычынах адпрацавалі менш за 183 дні? Ці няма тут пэўнай несправядлівасці?” 

Дэпутат Вольга Палітыка цікавілася, ці будуць стварацца новыя працоўныя месцы, каб усе “дармаеды” мелі магчымасць “легалізавацца”, і ці будуць павялічваць дапамогу па беспрацоўі. Дапамогу павялічваць не будуць, а што да працаўладкавання, то, доўгі адказ Марыяны Шчоткінай можна пераказаць трыма словамі: “самім круціцца трэба”. Не, улады, кажа міністр, нешта будуць рабіць у гэтым кірунку, але людзі самі мусяць думаць пра, да прыкладу, занятак бізнэсам, ці якім іншым “фрылансам”.

Апошнім выступае Мікалай Калтуноў і нечакана заяўляе: афіцыйных беспрацоўных з-за яго стала больш, а ім усім хай і невялікую, але дапамогу плаці, пытанняў і прэтэнзій да дэкрэта шмат … І прапаноўвае, не дэкрэт прэзідэнцкі ўхваляць, а для тых, хто ўладкоўвацца на легальную працу не хоча, зрабіць платнымі ўсе сацыяльныя паслугі: звароты ў паліклінікі, ну, і што там па спісе ў нашай “сацыяльна арынтаванай краіне”?

“Бо так мы можам дагаварыцца да таго, што калі чалавек цягам жыцця зарабіў добрую суму грошай, паклаў іх на дэпазіт, выплат з іх хапае на тое, каб ён мог спакойна жыць і не працаваць, але мы і яго можам залічыць у дармаеды. Хоць ён фінансуе нашу эканоміку, уклаўшы свае грошы ў, можна сказаць, у развіццё краіны”.

Але міністра Шчоткіну так проста не возьмеш:

“Калі ў чалавека ляжаць мільёны, і ён на іх жыве, то, мяркую, 3 мільёны 600 тысяч для яго не праблема заплаціць! Ён жа таксама ходзіць і карыстаецца ўсімі дабротамі. А значыцца і ў яго павінен быць нейкі сацыяльны… абавязак”.

Карацей, пераважнай большасцю галасоў Дэкрэт ухвалілі. Што праўда, прадугледжаны маніторынг зваротаў грамадзян па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта. Усе прапановы датычна яго можна падаць да канца бягучага года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі