Дэбаты кандыдатаў: Адмяніць падаткі для ІП і “вызваліць калгаснікаў з рабства”

Дэбаты кандыдатаў: Адмяніць падаткі для ІП і “вызваліць калгаснікаў з рабства”

Большасць грошай, заробленых рэгіёнамі, павінны заставацца на месцах, а не ісці ў рэспубліканскі бюджэт. Гэта дасць штуршок для развіцця невялікіх гарадоў і вёсак, а таксама прыцягне дадатковыя інвестыцыі. Такое меркаванне выказалі кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, падчас перадвыбарчых дэбатаў, прысвечаных рэгіянальным праблемам.

“70-80% грошай будуць вяртацца ў мясцовыя бюджэты”, — паабяцала прэтэндэнтка ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Аляксандра Сьянава, якая балатуецца ў Асіповічах.

Гарачую спрэчку выклікала пытанне калгасаў. Катэгарычна за іх ліквідацыю і перадачу зямлі ў прыватную ўласнасць выступіў прадстаўнік Руху “За Свабоду” з Горак Андрэй Юркоў.

“Трэба адмяніць рабства. Калгасы — гэта прыхаванае рабства!”, — упэўнены кандыдат.

Яго падтрымалі амаль усе ўдзельнікі дыскусіі, у тым ліку і Уладзімір Кацора з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які дадаў, што адмяніць трэба і “кантрактнае рабства” і Дэкрэт аб дармаедстве.

А вось Сяргей Мякека з “Гавары праўду” не згодны з калегамі па дэмакратычным лагеры. Ён адзіны з удзельнікаў дэбатаў, хто прызнаўся, што пагадзіўся б жыць у калгасе. На яго думку, моцныя гаспадаркі варта не чапаць, каб не нашкодзіць таму, што ўжо добра працуе.

Наступныя тэледэбаты, арганізаваныя тэлеканалам “Белсат”, сайтам Naviny.by і Еўрарадыё, адбудуцца 6 верасня і будуць прысвечаныя эканоміцы. Паслухаць можна ў эфіры Еўрарадыё ў 21.20.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі