Вы тут

“Дажыліся. Няма дзе штаны купіць!” Як невялікі горад жыве без рынка (фота)

Ад Мінска да Маладзечна крыху больш за 70 кіламетраў. Гэта два сантыметры на карце, гадзіна на аўтамабілі альбо 13100 рублёў за квіток на старую электрычку, якая едзе амаль дзве гадзіны. Маладзечна абіраю, бо там, па чутках, ужо месяц не працуюць абодва рынкі, прадпрымальнікі проста перасталі хадзіць на працу пасля 1-га студзеня. Чуткі аказваюцца праўдай. На старым рынку, які зусім недалёка ад мясцовага райвыканкама, закрытыя амаль усе павільёны. Гандлююць адзінкі. “Мы тут наёмныя. Гаспадар усе дакументы зрабіў, відаць. Сказаў працаваць”, — у адзін голас расказваюць прадаўцы з нешматлікіх адчыненых кропак. Набыць у іх можна зусім няшмат — падазронага выгляду абутак, джынсы, куртку. Але гандаль ідзе актыўна — сталічныя “Ждановічы” могуць пазайздросціць. “Ну вы ж самі бачыце — на ўвесь рынак тры кропкі засталіся. Вось людзі і ідуць”, — тлумачаць ажыятаж іпэшнікі.

 

Кошты ў іх пасля ўступлення ў сілу Указа №222 выраслі прыкладна на 10-15%. Але выбару ў людзей асаблівага няма. Маладзечна не Мінск, замест сучасных гандлёвых цэнтраў — універмаг. Як расказваюць мясцовыя, на яго асартымент апусцелыя рынкі не паўплывалі. “Няма там нічога. Не купіш. А што ёсць, то дорага”, — кажуць кліенты яшчэ “жывых” іпэшнікаў. І праз аднаго скардзяцца, што цяпер нават за штанамі трэба ехаць у Мінск на “Ждановічы”, якія яшчэ жывыя.

Спрачацца з імі цяжка. За паўгадзіны абыходжу цэнтр горада. Наведванне універмага жадання нешта там набыць зусім не дадае — значна горшая і драбнейшая копія мінскага ГУМа. Зусім побач крама з абуткам — тут хоць зніжкі ёсць на зімовыя мадэлі. Праўда, для сябе там таксама нічога не бачу.

“Ведаеце, цяпер увогуле спад. Мала пакупнікоў. І закрытыя рынкі нам іх не дадалі. Людзі прытаіліся. Як даўно гэта пачалося? А вось як долар вырас, так і завісла ўсё”, — дзеляцца з Еўрарадыё сваімі праблемамі ва ўнівермагу. І дадаюць, што у бліжэйшы час ажыўлення пакупнікоў ніхто не чакае.

Усё добра толькі ў райвыканкаме. Размаўляць пра закрытыя гандлёвыя кропкі на рынках і адсутнасць нармальнай альтэрнатывы ім у Аддзеле гандлю не хочуць. Спецыялісты кідаюць трубку, толькі пачуўшы словазлучэнне “індывідуальныя падпрымальнікі”, а начальніца аддзела Ірына Крук нечакана і таямніча знікае, пакінуўшы мабільны тэлефон у кабінеце. Па працоўным нумары з дапамогай доўгіх гудкоў бясконца адказвае факс.

 

Што ў іншых рэгіёнах

Амаль такая ж сітуацыя. У суботу, 6 лютага, на другім паверсе гандлёвага цэнтра "Прэстан" у Магілёве большасць боксаў зачыненыя. На многіх вісяць абвесткі аб распродажы. Працуюць толькі кропкі на першым паверсе, дзе прадаюць прадукты. У гандлёвым цэнтры "Панарама" таксама можна назіраць зачыненымі каля 50% гандлёвых кропак. Іншая сітуацыя ў гандлёвым цэнтры "Магніт" у цэнтры Магілёва — тут большасць кропак працуе. Прадпрымальнікі маюць на вопратку сертыфікаты.

Так цяпер выглядае гандлёвы цэнтр "Прэстан" у Магілёве.