"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

27 лютага ў клубе Re:Public горача: Еўрарадыё ўручае музычную прэмію "Даём рады" і адзначае 10-годдзе, а на сцэну адзін за другім выходзяць :B:N:, Dzieciuki, "Дай Дарогу!", Neuro Dubel. Ролю разагрэву ўрачыстага працэсу бярэ на сябе пачынаючы гурт "Дрымон", у якім саліруе журналіст Еўрарадыё, ён жа вядучы "Даём рады" Ілля Маліноўскі.

У зале біток, у якім змяшаліся фэны ўсіх панк-груповак: хто чый — выдаюць цішоткі і налепкі. У натоўпе можна сустрэць і Віталя Артыста з "Без Білета" з жонкай Таняй Кушнер, і Алега Хаменку ў кампаніі з іншымі знакамітасцямі. У грымёрцы ля сцэны традыцыйны хаос, тут жа заўважныя высокія хлопцы з гурта Teleport, якія атрымліваюць статуэтку ў намінацыі "Дэбют" 20 гадзін запісу ў студыі Osmos ад яе дырэктара Паўла Юрцэвіча. Узрушаныя музыкі не могуць прыйсці ў сябе: 

"Нас ніхто не папярэдзіў, што мы намінаваныя, таму вельмі нечакана, бо мы да апошняга моманту не ведалі, навошта нас сюды паклікалі. Тым больш, мы на Еўрарадыё ніколі нічога не выпускалі, не мільгалі. Вельмі прыемна, натуральна. Што будзем рабіць з запісам? У планах няма студыйнай працы. Але, мяркуем, цягам года з'явіцца. Можа, сінгл ці дэмку якую запішам, ці відэа здымем. З Днём нараджэння, Еўрарадыё!".

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

Мінулагоднія дэбютанты "Даём рады", Haina, таксама скочуць ад радасці: Еўрарадыё адпраўляе іх на "Басовішча" у якасці канкурсантаў:

"Нам сапраўды сёння далі шанец, каб паказаць сябе, шанец, які мы маглі б не атрымаць у іншых абставінах. Мы гэта цэнім і разумеем, што сёння адбылося", — хвалюецца Ілля Паплёўка, лідар гурта.

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

Аляксандр Памідораў, які хваліць "Даём рады" за добры лайн-ап і намінацыі, аб'яўляе наступнага пераможцу (ён цалкам згодны з меркаваннем Еўрарадыё): "Музычны праект-2015" — 36/13, канцэртная калабарацыя удзельнікаў вядомых гомельскіх метал-каманд Gods Tower, Rasta і TT'34. Адзін з аўтараў праекту, лідар Gods Tower Лэслі Найф абяцае, што гомельскія крэатыўшчыкі дадуць чаду і ў 2016-м:

"Я ў нейкім сэнсе перапоўнены гонарам, што нарэшце атрымаў нейкую ўзнагароду! Гэта вельмі прыемна... Наогул, дзякуй, што сёння выцягнулі мяне сюды з кватэры, бо апошнім часам я стаў вельмі лянівым. Не ведаю, ці буду працягваць 36/13. Але 25 сакавіка ў нас будзе канцэрт: зробім сваю версію Дня Волі, такую глабалістычную, годстаўэрскую. Да таго ж, мяркую, сёлета чакаюцца сюрпрызы, якія наўрад ці будуць горшымі, чым 36/13. Прынамсі, Гомель заўжды адрозніваецца ад астатніх гарадоў дзівацкім крэатывізмам. Мы што-небудзь зробім, а вы здзівіцеся".

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

Не абыходзіцца без традыцыйных жартаўлівых намінацый. Непатанаючай легенды мы ў 2015-м не выявілі: бо ўсе музыкі, якія пажадалі "тануць", "патанулі". Затое, год запомніцца шматлікімі "неспадзяванкамі" ў альтэрнатыўным беларускім шоў-бізе. І галоўнай стаў беларускі намінант на "Грэмі" Tony Fadd, ён жа бубнач IQ48 Антон Мацулевіч.

"Антоша на наступным тыдні вернецца, перадам яму, — абяцае фронтмэн IQ48 Аляксандр Ракавец. — А ўвогуле, прыкольна, дзякуй, што не забываецеся пра нас".

:B:N: хоць і пераконвалі, што будуць не паўтарацца на сёлетнім "Даём рады" і не граць тое, што ўжо спявалі на фэстах Еўрарадыё, не стрымаліся: калі і гучалі новыя "Хвалі" і песні з апошняй пласцінкі гурта "Шукай сваё", без "Жыве рок-н-рол" не абышлося. У 2016-м рокеры выпусцілі свежы ЕР, але гэтым разам засталіся без узнагароды. "Сінглам/ЕР-2015" Еўрарадыё прызнала "Голыя танцы" "Мутнагавока". А лідар гурта Яўген Змушка прызнаўся са сцэны пра тое, што ўзнагарода для "Мутнагавока" — гэта пацверджанне росквіту альтэрнатыўнай музыкі ў Беларусі.

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

Лідар гурта "Зніч" Алесь Таболіч, які зладзіў даволі шмат фэстаў за сваё жыццё, а яшчэ на большай колькасці адыграў і ўмее спаць на фестывалях нават стоячы, называе "Фэст-2015". Ім становіцца "Басовішча", якое летась сапраўды прайшло на высокім узроўні. На ўручэнне прэміі з Варшавы прыехала арганізатарка Ганна Пякарская.

"2015-ты — гэта быў першы год, калі я ад пачатку да канца арганізавала ўсё пад сваім прозвішчам і за гэта атрымала ўзнагароду. Гэта гонар, шчасце, слёзы, — не хавае эмоцый Ганна. — Што да "Даём рады", мне вельмі падабаецца, што такія фэсты праходзяць у Беларусі, і бачна, што ёсць патрэба, што людзям хочацца, каб і тут, на гэтыя некалькі гадзін, можна было стварыць незалежную рэспубліку".

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

Сэт шалёных гарадзенскіх панк-змагароў "Дзецюкоў" выдаецца ці не самым гарачым на "Даём рады". Удзельнікі вар'яцкага слэму пасля напішуць у суполцы гурта, што гэта была сапраўдная мясарубка, а на фота можна разгледзець вынікі "мясарубкі" — разбітыя фізіаноміі. Апроч добра вядомых баевікоў, музыкі выконваюць шэраг песень з новага альбома, які будзе прэзентаваны днямі.

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

Стаць "Відэа-2016" паводле "Даём рады" маглі чатыры кліпы: "Ag" "Серебряной Свадьбы", "Отравлены мозги" "Дай Дарогу!", "Сасна Пахілілася" Vuraj і "Больше чем ты" гурта Nuteki. Першыя два ў якасці прыза атрымліваюць ратацыю на ўкраінскім тэлеканале A-One, а Еўрарадыё ўзнагароджвае бабруйчан Nuteki: за інавацыйную тэхналогію для музычных відэа — фармат 360 градусаў (паспрабуйце паглядзець кліп з тэлефона) і якасную рэжысуру.

"Я здзівіўся: зайшоў — поўная зала людзей. Гэта першае. А другое, вашаму меркаванню мы давяраем. Дзякуй за рэспекты. Для нас гэта вялікі гонар, атрымаць узнагароду ад Еўрарадыё. Мы проста робім тое, што робім, а вы заўважылі і ацанілі", — усміхаецца лідар гурта Міхаіл Накарашвілі. А Арцём Залескі з "Серебряной свадьбы" кажа, што дагэтуль кабарэ-бэнда на тэлебачанні не было, і вось нарэшце з'явіцца.

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

На альбом года прэтэндавалі тры дыскі: “Чырвоны штраль” “Крамбамбулі”, "На Марс!" Neuro Dubel і “Лекавыя травы” гурта Re1ikt. Пасля доўгіх спрэчак і ваганняў Еўрарадыё аддае ўзнагароду "Лекавым травам", як вельмі нетрывіяльнай, канцэптуальнай працы ў стылістыцы, рэдкай у Беларусі. Самі ж "Рэлікты" кажуць, што не чакалі такога прызнання, але, мы ўпэўненыя, што музыкі на гэта спадзяваліся.

"Гэта для нас вельмі прыемна і гэта такі добры знак таго, што трэба працаваць далей, што розная беларуская музыка можа адшукаць свайго слухача і мець сваю аўдыторыю", — сціпла адказвае лідар гурта, бубнач Аляксандр Дземідзенка.

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

Гурт Akute таксама не прамінае засвяціцца на сёлетнім "Даём рады". Гэтым разам у жартаўлівай намінацыі Еўрарадё ўзгадвае гісторыю з смс-звальненнямі бубначоў у гурце (#давайпака за тысячу рублёў). Мы спадзяёмся, што цяперашняя бубначка гурта Вікі Фэйтс не атрымае такое паведамленне. Але на ўсялякі выпадак ўручылі ёй дзве тысячы на смс і нумары акутаўцаў Ромы і Стаса, каб, калі раптам што, яна ведала, куды пісаць.

"Дай Дарогу!", хоць і не маюць патрыятычна фарбаваных сэтаў, як у "Дзецюкоў", робяць на "Даём рады" адзін крок у гэты бок:

"Мы заўсёды былі голасам народа, таму наступная песня пра тое, што цяпер актуальна", — кажа Юра Стыльскі і заводзіць свежанькую і ўпершыню беларускамоўную "Не веру". А для таго, каб наступным разам справа з песнямі па-беларуску не зацягвалася на 15 гадоў і гурт мог сыграць,напрыклад, на беларускамоўным фэсце "Басовішча", музыка атрымлівае ў падарунак слоўнік удапамогу. А лідар "Палаца" Алег Хаменка частуе Еўрарадыё торт з юбілейнай лічбай 10!

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

Mustelide — "Сольны выканаўца" 2015 года. У выбары Наталлі Куніцкай Еўрарадыё не сумняваецца: дзяўчына паспяхова канцэртуе па розных краінах і фэстах, выдае песні і мае сувязі з крутымі лэйбламі.

"Гэта нечакана, і гэта сапраўды яшчэ адзін штуршок, каб рухацца наперад. І калі я адчуваю такую падтрымку, хочацца яшчэ больш рабіць. Акурат хутка ў мяне выходзіць альбом, і ўзнагарода "Даём рады" для мяне такі цудоўны знак, што ўсё добра", — радуецца Наталля. А да выхаду за галоўнай узнагародай рыхтуецца Павел Аракелян.

Тое, што менавіта "Крамбамбуля" — лепшы гурт года, стала ясна, як толькі выйшаў развітальны альбом "Чырвоны штраль" і адгрымеў канцэрт гурта ў Вільні. Да таго ж, каманда на чале з Лявонам Вольскім не прамінала магчымасці даць пра сябе ведаць ці то ў пераходзе ля ГУМа, ці то ў гандлёвым цэнтры ля ЦУМа, ці то проста ў інтэрнэце. Ці будзе яна такая ж актыўная ў лясах, куды сышла пасля канцэрта, час пакажа.

"Мы досыць скептычна ставімся да розных узнагародаў, — прызнаецца ўдзельнік "Крамбамбулі" Павел Аракелян. — Але мы настолькі шмат уклалі ў гэты альбом, у гэты, можа быць, апошні ці перадапошні канцэрт, што кожнае ўшанаванне становіцца важным для нас, гэта сапраўды ганарова — атрымаць узнагароду, адчуваем, што гэта было нездарма. Дзякуй вялікі!"

Завяршаюць "Даём рады" Neuro Dubel: Аляксандр Кулінковіч у цішотцы J:морс, "Резиновый дом", "Маленькая песенка в голове" і "Гузік".

Сустрэнемся ў наступным годзе!

"Даём рады": Слёзы "Басовішча", "мясарубка" і Кулінковіч у майцы J:Морс

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі