Вы тут

Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Хвалі” гурта :B:N:

:B:N: прэзентуе на Еўрарадыё песню “Хвалі”, над якой музыкі працавалі сумесна з намінантам на прэмію “ГрэміTonny Fad, больш вядомым у Беларусі, як бубнач гурта IQ48 Антон Мацулевіч.

“Гэта, хутчэй, такі сяброўскі жэст, — лідар :B:N: Алесь Лютыч тлумачыць, чаму звярнуўся за супрацоўніцтвам да Тоні Фада толькі калі той атрымаў сусветную вядомасць. — Мы вельмі даўно знаёмыя, шмат паездзілі па розных фестывалях і гарэлкі шмат разам папілі. Але пры гэтым, шчыра кажучы, мы нават і не ведалі, што ён гэтым займаецца. А знаёмых бітмэйкераў у мяне дык і няма. Таму, калі даведаліся, што Антон займаецца гэтай фігнёй, папрасілі, каб ён у вольны час зрабіў нейкія прыкольныя электронныя штучкі да песні. Ён з задавальненнем пагадзіўся і зрабіў гэтыя "вабноты"”.

Тэкст да песні “Хвалі” напісаў яшчэ адзін музыка IQ48 — гітарыст Яўген Бузоўскі. Сінгл прымеркаваны да Дня ўсіх закаханых.

 

“Натуральна, гэта песня і пра каханне, і пра тое, што ўсё ў жыцці павінна ісці хвалямі. Простая песня, простыя словы, але спадзяюся ўсім спадабаецца”, — кажа Лютыч.

 

Цяпер гурт :B:N: заняты студыйнай працай. Па словах Алеся Лютыча, у “распрацоўцы” каманды — сем новых трэкаў, таму не выключана, што напрыканцы года з'явіцца і новы альбом.

“Мы паглядзім на рэакцыю нашых слухачоў, — разважае пра верагоднасць сталага супрацоўніцтва з бітмэйкерам Алесь. — Выдаўшы першы трэк, цяжка казаць пра тое, што і ўвесь альбом будзе ў такім ключы. Тым больш, што ў :B:N: песні заўсёды былі разнапланавыя: адна можа быць лірычная і больш папсовая, а іншая — цяжкая, з элементамі металу. Таму па адной песні сказаць, які будзе будучы альбом немагчыма”.

Канцэртная прэзентацыя трэка “Хвалі” адбудзецца падчас цырымоніі ўручэння штогадовай музычнай прэміі Еўрарадыё Даём рады”.

27 лютага ў клубе Re:Public будуць падведзеныя музычныя вынікі 2015 года па версіі рэдакцыі Еўрарадыё. Апроч Лютыча і кампаніі на сцэне сталічнага клуба выступяць Dzieciuki, Neuro Dubel і “Дай Дарогу!”.