Дата сустрэчы Сяргея Сідорскага і Юліі Цімашэнкі па-ранейшаму невядомая

Дата сустрэчы прэм'ер-міністраў Беларусі і Украіны Сяргея Сідорскага і Юліі Цімашэнкі пакуль не вызначана. Як заявіў БелаПАН прэс-сакратар кіраўніка беларускага ўрада Аляксандр Цімашэнка, прапрацоўкай гэтага пытання займаюцца міністэрствы замежных спраў дзвюх краін.  У прэс-службе МЗС Беларусі не змаглі назваць нават прыблізную дату сустрэчы прэм'ер-міністраў. Ніякіх каментарыяў пакуль не даюць і ў прэс-службе Кабінета міністраў Украіны.

Нагадаем, паводле вынікаў сустрэчы прэзідэнтаў Украіны і Беларусі Віктара Юшчанкі і Аляксандра Лукашэнкі 20 студзеня ў Чарнігаве было заяўлена, што сустрэча прэм'ер-міністраў дзвюх краін адбудзецца ў найбліжэйшыя дзесяць дзён для таго, каб аформіць усе дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці.

У Чарнігаве прэзідэнты падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы, консульскую канвенцыю, мемарандум паміж урадамі і нацбанкамі аб выпрацоўцы мер па інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ва ўмовах крызісу ды іншае. 5 лютага старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч паведаміў журналістам, што сустрэча прэм'ер-міністраў Беларусі і Украіны павінна адбыцца да канца лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі