Вы тут

"Дата генератар": Дзень памяці князя Усяслава Брачыславіча Полацкага

Усяслаў Чарадзей

Пасля Ізяслава і Брачыслава князем полацкім быў Усяслаў. Ён нарадзіўся на пачатку 1029 года падчас з’яўлення на небе каметы. Заняўшы княжацкі трон ва ўзросце 15 гадоў, ён заставаўся князя полацкім ажно 57 гадоў запар! 

Аднак дакладна мы мала што пра яго ведаем. Дык чаму ўспамінаем?

Перш за ўсё таму, што ён імкнуўся пашырыць Полацкае княства і ўпарта змагаўся за яго незалежнасць. Пад канец яго незвычайна доўгага праўлення тэрыторыя Полацкай дзяржавы ахапіла палову сучаснай Беларусі, прыблізна 100 тысяч квадратных кіламетраў. Полацкае княства праз дзейнасць Усяслава зрабілася вялікай і магутнай дзяржавай, на адным узроўні з Польскім каралеўствам і Кіеўскім княствам. 

Па-другое, Усяслаў імкнуўся ўзяць пад свой кантроль шлях “з варагаў у грэкі” ад Балтыкі да Смаленска. Таму ён у 1066 годзе захапіў Ноўгарад Вялікі, абрабаваў яго і адвёз у Полацк званы з наўгародскага сабора Святой Сафіі. Мэтай было аслабленне канкурэнта. А яшчэ ён захапіў землі ўздоўж Дзвіны ажно да Варажскага (Балтыйскага) мора. Пабудаваў тут некалькі замкаў, з якіх мы ведаем толькі два — Герцыке і Кукенойс.

Па-трэцяе, ён пабудаваў у Полацку прыгожы хрысціянскі храм Святой Сафіі, аднак не вынішчаў і паганскіх капішчаў. Трэба адзначыць, што ў часы Усяслава (і нават яшчэ шмат дзесяцігоддзяў пасля яго) большасць крывічоў (і полацкіх, і пскоўскіх, і смаленскіх) былі адначасова і хрысціянамі, і паганцамі (так званае дваяверства). Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што Усяслаў быў князем-жрацом, нашчадкам крывейтаў, нават меў экстрасэнсорныя здольнасці. У кожным разе Усяслаў прыязна ставіўся да паганства.

Яшчэ мы ведаем пра яго бітву з войскам кіеўскіх князёў Яраславічаў (Ізяслава, Святаслава, Усевалада) на Нямізе ў сакавіку 1067 года. Крыху раней яны захапілі Менск, пасеклі там усіх дарослых мужчын. Аднак хутка з’явіўся Усяслаў і ў бітве на Нямізе разбіў кіяўлян.

Тым не менш вайна працягвалася. Таму Ізяслаў запрасіў Усяслава на перамовы каля Оршы. Тутака 10 ліпеня 1067 года Ізяслаў вераломна захапіў Усяслава і двух яго сыноў у палон, адвёз у Кіеў і кінуў у поруб (вязніцу ў зямлі). Але праз 14 месяцаў, 15 верасня 1068 года, кіяўляне паўсталі супраць Ізяслава, вызвалілі Усяслава і ўзвялі яго на кіеўскі трон. На працягу сямі месяцаў ён быў вялікім князем кіеўскім, аднак у красавіку 1069 года кінуў вялікае княжанне і вярнуўся ў Полацк.  

Усяслаў моцна ўразіў сучаснікаў. Яны дзівіліся імпэту князя, яго рашучасці і  здольнасцям, мужнасці і хітрасці. Адсюль яго мянушкі ў былінах і казках — Ваўкалак (Пярэварацень), Вядзьмак, Вяшчун, Чарадзей. Імпэту князя дзівіліся і сучаснікі, і нашчадкі.

Усё гэта сведчыць, што Усяслаў сапраўды быў незвычайнай асобай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.