Дарашэвіч: У рэгіёнах краіны расце колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў

У Беларусі праведзенае новае даследаванне інтэрнэт-аўдыторыі. Пра яго вынікі Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам па пытаннях інтэрнэту, кіраўніком праекту Gemius Belarus Міхаілам Дарашэвічам.

110811 Darashevich site_0.mp3
 

Дарашэвіч: Мы праводзім аўдыторнае даследаванне сумесна з нашымі польскімі партнёрамі ўжо цягам двух з паловай гадоў. І гэтыя лічбы дазволілі параўнаць дынаміку росту беларускага інтэрнэта за некалькі гадоў.
Еўрарадыё: Што можна больш канкрэтна сказаць пра гэтую аўдыторыю, ці павялічылася яна?
Дарашэвіч: Добрай і радаснай я лічу навіну, што аўдыторыя за два гады павялічылася больш чым на 30%, гэта вельмі добра. Тут шмат аб’ектыўных прычын — гэта развіццё інфраструктуры, больш танны доступ да інтэрнэту, з’яўленне новых тэхналогій. Гэта ўсё прыводзіць да таго, што інтэрнэт-карыстальнікаў становіцца больш. Другі момант — гэта тое, што пакрысе, але, тым не менш, людзі, якія карысталіся Dial-Up, пераходзяць на шырокапалосны ці мабільны інтэрнэт. І, з пункту гледжання ўзроўню пранікнення, пакрысе Беларусь набліжаецца да 50% ва ўзросце 15+, што таксама добра.
Ёсць некалькі нюансаў, якія трэба ўлічваць і задумвацца аб іх. Каб рост працягнуўся і стаў яшчэ большым, людзей у інтэрнэце павінна быць больш. Для таго, каб гэтых людзей стала больш, гэтыя людзі павінны быць з іншых сектараў эканомікі. І тут паўстае пытанне адукацыі, медыяадукацыі і медыяграматнасці як моладзі, так і дарослых.
Еўрарадыё: Беларуская інтэрнэт-аўдыторыя на сённяшні дзень — гэта 3 783 306 чалавек. У сярэднім, хто гэты сярэдні чалавек, які сядзіць у інтэрнэце?
Дарашэвіч: З пункту гледжання гендэрнай роўнасці, у нас крыху больш мужчын, чым жанчын. У нас самая маладая аўдыторыя сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Крыху паменшала карыстальнікаў з Мінску, і гэта добра, бо лічбавая няроўнасць, няроўнасць паміж рэгіёнамі — гэта не ёсць добрая рэч. Калі будзе больш карыстальнікаў не з Мінску, то гэта будзе лепш і будзе азначаць, што інтэрнэт становіцца больш даступным і больш папулярным сярод жыхароў Беларусі.
Еўрарадыё: Паводле вашага даследавання, якая аўдыторыя ў сайта Еўрарадыё?
Дарашэвіч: Аўдыторыя Еўрарадыё мае цікавую асаблівасць сярод навінных сайтаў. Гэта сайт, у якога самая вялікая колькасць людзей, у якіх адзін са сродкаў доступу да сайту — ад школы, ці ВНУ, а таксама, што сайт наведваецца ад сяброў і блізкіх. Адпаведна, робіцца выснова, што аўдыторыя сайта дастаткова маладая. Сярод навінных сайтаў у вас яшчэ найбольшая колькасць людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам штодзённа. Гэта азначае, што гэта, як іх называюць, “цяжкія” інтэрнэт-карыстальнікі, якія карыстаюцца інтэрнэтам рэгулярна і яны ведаюць пра ваш сайт.

Фота: ampby.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі