Дарадца Парашэнкі: Гэта канфлікт не Расіі з Украінай, а дзвюх цывілізацый

Дарадца Парашэнкі: Гэта канфлікт не Расіі з Украінай, а дзвюх цывілізацый

Даведка Еўрарадыё: Ігар Смяшко — дарадца прэзідэнта Украіны, генерал-палкоўнік. З 1992 па 1995 — ваенны аташэ Украіны ў ЗША, з 1997 па 2000 гады — начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны. З 2002 па 2003 гады — Першы намеснік сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, з 2003 па 2005 — старшыня Службы бяспекі Украіны. Старшыня партыі “Сіла і годнасць”.

Еўрарадыё: Ніводзін з 13 пунктаў “Мінскіх дамоўленасцяў” Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне цягам года так і не быў выкананы цалкам. Чаму?

Ігар Смяшко: Галоўная прычына ў няправільнай ацэнцы супрацьстаяння, што адбываецца на Данбасе. Гэта не канфлікт Расіі з Украінай, гэта канфлікт дзвюх цывілізацый. І для таго, каб яго вырашаць, неабходна, каб удзельнікі гэтага канфлікту мелі адпаведны фармат. І як мінімум, Еўрапейскі саюз і Злучаныя штаты таксама павінны прысутнічаць за сталом перамоў. Бо ў дадзеным вырадку Расія абараняе свае нацыянальныя інтарэсы. Ну, як яна іх бачыць.

Еўрарадыё: І як яна іх, на ваш погляд, бачыць?

Ігар Смяшко: Нацыянальны інтарэс у тым, што Расія хоча вярнуцца як сусветная дзяржава за стол стратэгічных гульцоў свету і аднавіць кантроль над постсавецкай прасторай. Па вялікім рахунку, не маючы для гэтага адпаведных рэсурсаў: 1/8 тэрыторыі сушы планеты са 147 мільёнамі жыхароў, але пры гэтым валавы прадукт у краіне меншы, чым у Італіі. Але Расія мае сваю стратэгію. Я не хачу яе крытыкаваць — гэта суверэннае права кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, бачыць свет так, як яно яго бачыць. А вось Захад, які мае рэсурсы на парадак большыя, чым у Расіі, не мае ніякай стратэгіі, не мае свайго бачання — ён не сфарміраваў стратэгію ні ў дачыненні да Украіны, ні ў дачыненні да Расіі. Таму мы бачым праблему сутыкнення дзвюх цывілізацый. Бо павольна, эвалюцыйна, але ва Украіне нараджаецца еўрапейская мадэль дэмакратыі. А грамадзянская супольнасць ужо нарадзілася. І 2004-ты год, і 2013-ты год паказалі, што грамадзянская супольнасць апярэджвае ў сваім развіцці палітычныя эліты гадоў на дваццаць. І наша праблема — гэта, акурат, праблема палітычных эліт. Але гэта і ёсць нараджэнне дэмакратыі. І атрымліваецца, што дэмакратыя набліжаецца да межаў Расійскай Федэрацыі. У расійскага народа свае погляды на будучыню: дэмакратычная форма праўлення ім, відаць, не да часу. І таму канфлікт, што адбыўся, можа разбірацца толькі ў гэтых межах. І ўвогуле, калі б на Захадзе была адпаведная канцэпцыя, стратэгія і бачанне развіцця Еўраатлантычнай цывілізацыі… Захаду даўно трэба было б прыгадаць словы дэ Голя: “Еўропа не можа быць аб’яднанай калі яна не дасягае Уральскіх гор”. А новая канструкцыя сістэмы бяспекі Еўраатлантычнай прасторы павінна быць ад Урала да Уладзівастока. І штучнае выключэнне Расіі з гэтай сістэма таксама нараджае глабальныя праблемы.

Еўрарадыё: Як вы далёка ад тэмы вайны на Данбасе пайшлі!

Ігар Смяшко: Бо вынікам усяго пералічанага і стаў гэты канфлікт. На яго ні ў якім выпадку не трэба глядзець у вузкім фармаце. Вось, параўноўваюць сітуацыю на Данбасе з Нагорным Карабахам, Прыднястроўем… Пра што вы кажаце?! Украіна — гэта 45-47 мільёнаў чалавек. Рэзервовая армія — да 700 тысяч чалавек. У нас да гэтага часу ёсць магчымасць вырабляць “расійскія” ракеты, спадарожнікі, авіяносцы, лепшыя танкі ў свеце. Пра ўкраінцаў нешта можа дрэнна думаць, але гэта адны з лепшых салдат Імператарскай і Чырвонай арміі. Перамагчы і акупаваць Украіну немагчыма. Трэба шукаць новае стратэгічнае бачанне: як нам існаваць у аб’яднанай Еўропе, уключаючы і Расію. Выключэнне яе з гэтага працэсу — нонсенс. Але падыход да вырашэння гэтага канфлікту не павінен быць такі, што гэта звычайны канфлікт. Гэта не звычайны канфлікт. Гэта канфлікт паміж самай вялікай краінай у Еўропе Украінай і вялікай еўразійскай краінай Расіяй. І ў гэтым дыялогу павінны браць удзел усе сусветныя ігракі. І Захад павінен правесці вялікую працу над сваім стратэгічным бачаннем: дзе ён бачыць Расію, і не выключаць яе з гэтага працэсу.

Еўрарадыё: Але змена фармату фактычна ставіць крыж на сённяшнім фармаце “Мінск-2” — нам хутка чакаць “Мінска-3”?

Ігар Смяшко: На прагматычным узроўні сусветныя ігракі пакуль не гатовыя да іншага фармату, ён дапамагае весці дыпламатычны дыялог. А дыпламатычны дыялог заўжды лепш, чым дыялог кулямётаў і цяжкой артылерыі. Але аб’ектыўна: вырашыць гэты канфлікт у дужках “Мінскага працэсу” будзе вельмі цяжка. Бо тут закранутыя стратэгічныя геапалітычныя інтарэсы. Як Расіі выйсці з канфлікту, захаваўшы свой твар? Што яны атрымлівае ўзамен? Гэта ж залежыць не толькі ад Украіны. З іншага боку, для нас імплементацыя ўсіх пунктаў “Мінскіх пагадненняў” — гэта новая дэстабілізацыя ўнутры Украіны. Бо па дзеючай Канстытуцыі прэзідэнт абмежаваны ў сваім манеўры, па Канстытуцыі прэзідэнт кіруе ўсёй знешняй палітыкай, але ажыццяўляе гэта кіраўніцтва выключна ў межах закона. А што такое закон? Гэта законы, за якія прагаласаваў парламент. Значыцца, яго карт-бланш абмежаваны законам, прынятым у парламенце. І мяняць палажэнні Канстытуцыі ва ўмовах ваеннага часу забаронена. Як толькі ў краіне была аб’яўленая частковая мабілізацыя, то, паводле законаў Украіны, надыходзіць асаблівы перыяд. Усе ўмовы ваеннага часу відавочныя. У такіх умовах змяняць Канстытуцыю забаронена самой Канстытуцыяй. Парашэнка, праўда, даваў адпаведныя прапановы, але гэта бомба, закладзеная пад яго самога. У нас магутная грамадзянская супольнасць. І яна не дапусціць здзекаў над Канстытуцыяй. І таму гэта вялікія праблемы.

Еўрарадыё: Падчас канферэнцыі “Мінскія дамоўленасці праз год: дасягненні, выклікі, урокі” прагучаў заклік да афіцыйнага Мінска: Беларусі больш актыўна ўдзельнічаць у працы Кантактнай групы, быць яе мадэратарам. Што вы на гэта скажаце?

Ігар Смяшко: Згодны. Беларусь — неад’емная частка Еўропы, адна са старажытных нацый Еўропы, якая брала актыўны ўдзел у стварэнні агульнаеўрапейскай культуры. І Беларусі трэба актыўна займаць сваё месца ў Еўропе. Рана ці позна, але мы прыйдзем да таго, што Еўропа — ад Брэста да Урала. Ва ўмовах, калі ёсць кітайская цывілізацыя, арабская, індыйская, мы ў Еўропе да гэтага часу жывём к парадыгме Захад і Усход. Калі мы хочам, каб еўрапейская цывілізацыя ўплывала эвалюцыйна на агульначалавечае развіццё мірным і дэмакратычным спосабам, то яна павінна ўключаць у зону бяспекі тэрыторыю ад Ванкувера да Уладзівастока. А гэта значыць, што і Расіі трэба вызначыць месца там і годную павагу яе месцу.

Еўрарадыё: Вы шмат увагі звяртаеце на неабходнасць улічваць інтарэсы Расіі…

Ігар Смяшко: Я быў адным з аўтарам першага закона “Аб нацыянальнай бяспецы і абароне”, прынятым у 2003-м годзе. Мы так запісалі, што мы — чыста еўрапейская краіна, і што нашай мэтай з’яўляецца інтэграцыя ў еўрапейскія сістэмы. У тым ліку, і сістэмы калектыўнай бяспекі. Але ў гэтым жа сказе другая частка была: “Пры захаванні стратэгічнага партнёрства з РФ і іншымі краінамі СНД”. У гэтым свеце ты можаш шмат чаго жадаць, але маці-прырода сказала: ты хочаш нешта жывое — пачакай дзевяць месяцаў. Раней нельга! Я да таго, што штучна спрабаваць нешта фарсіраваць — гэта супраць законаў прыроды. І калі мы прынялі гэты закон, то мелі вялікія праблемы з Расіяй, але ў выніку нармальна іх вырашылі, мірным шляхам. А вось вам іншы прыклад: яшчэ некалькі гадоў таму ў Расіі ўзровень супрацоўніцтва з NATO быў вышэйшы, чым з Украінай. Але потым, як мне падаецца, заходнія партнёры дапусцілі памылку, яны фармальна падышлі да механічнага павялічэння NATO, без разумення таго, што структура калектыўнай бяспекі еўраатлантыкі павінна быць ад Ванкувера да Уладзівастока. Уключна з Расіяй і з улікам яе законных інтарэсаў.

Еўрарадыё: А як з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі ва Украіне разглядаюць верагоднасць размяшчэння ў Беларусі расійскай авіябазы?

Ігар Смяшко: Тут два ўзроўні: экспертны і грамадскі, якія мае вялікі ўплыў у нашай краіне. Грамадскае меркаванне відавочна адмоўна да гэтага паставіцца. І тое, што беларускае кіраўніцтва вырашыла, што гэта будзе не своечасовым крокам, ва Украіне вельмі станоўча было ўспрынятае. Мы павінны прыгадаць, што мы ўсе моцна звязаныя паміж сабой і тое, што адбываецца — гэта страшная рэч. Тое, што Расія ўчыніла ў Крыме і на Данбасе — вялікая стратэгічная памылка. Мы ж сапраўды блізкія народы, гістарычна звязаныя. Але вы запытайцеся ў людзей, узростам да трыццаці гадоў, чым для іх стала анексія Крыма? Фактычна, свайго стратэгічнага ў выпадку няшчасця саюзніка Расія згубіла як мінімум на адно пакаленне. І адчыніла “скрыню Пандоры” — што гэта за прынцып абароны рускамоўнага насельніцтва з парушэннямі ўсіх міжнародных дамоўленасцяў, дамовы паміж Расіяй і Украінай, Будапешцкага пратакола. На Дальнім усходзе жывуць мільёны кітайцаў — што, калі Кітай, выкарыстоўваючы той жа прынцып, захоча абараніць кітайскамоўнае насельніцтва Расіі? Да каго па дапамогу звернуцца расіяне?

Еўрарадыё: Мінскія дамоўленасці не выконваюцца: ці асцерагаюцца ў Кіеве эскалацыі канфлікту на Данбасе у гэтых умовах, актывізацыі там дзеянняў расійскіх ваенных?

Ігар Смяшко: Форма праўлення ў Расіі такая, што вертыкаль улады знаходзіцца ў руках аднаго чалавека і вельмі невялікага атачэння. Ну, як я магу прадказаць, што будзе прадпрынятае? Логіка падказвае, што гэта будзе самазабойства. Простыя лічбы: 147 мільёнаў там і дзесьці 45-47 — тут, ну, паспрабуйце акупуйце! І як вы будзеце ажыццяўляць рэжым акупацыі? Прычым, якога народа! Да 1954 года ў Заходняй Украіне 120 тысяч байцоў Украінскай паўстанчай арміі ваявалі з мацнейшай арміяй свету! Не разумеюць пэўныя палітыкі, што вытокі ў нас аднолькавыя, але ў кожнага ёсць свае нацыянальныя адметнасці. Украіна — гэта глыбокія казацкія карані з 17 стагоддзя. Для нас не цар з’яўляецца сімвалам пакланення, а асабістая свабода і сям’я.

Еўрарадыё: Падвядзём вынік: ёсць будучае ў гэтага фармату перамоў па Украіне ў Мінску, пачнуць выконвацца “Мінскія дамоўленасці”?

Ігар Смяшко: Дык пакуль іншага фармату і няма! Палітыка — гэта мастацтва магчымага, і нам трэба ўсё магчымае з гэтага фармату атрымліваць. І самае галоўнае, забяспечыць рэальнае спыненне агню. Але, як прафесіянал, магу вам сказаць: "Мінскі фармат" першапачаткова па сваёй форме быў закладзены такім чынам, што ён не можа вырашыць тыя пытанні, якія ў ім запісаныя. Трэба пераходзіць на іншы фармат. Відавочна, што гэта фармат па нашым заканадаўстве — гэта адзіны фармат.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі