Дарадца Ціханоўскай: для беларусаў у выдачы віз у Літву нічога не змяняецца

Для беларусаў сітуацыя з выдачай літоўскіх віз ніякім чынам не зменіцца. Так  Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, пракаментаваў выказванне міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса.

"Мы знаходзімся на сувязі з міністэрствам замежных справаў Літвы: нас запэўнілі, што Літва працягне выдаваць візы. Звычайныя турыстычныя візы не выдаюцца яшчэ ад 2020 году. Усе візы, якія цяпер выдаюцца Літвой, выдаюцца па гуманітарных прычынах", — заявіў ён. 

Як распавядала Еўрарадыё, Ландсбергіс заклікаў перакрыць шлях у ЕС расійскім і беларускім турыстам. Таксама ён прапаноўвае ануляваць ужо выдадзеныя доўгатэрміновыя шматразовыя візы — "прынамсі да заканчэння вайны".

Вячорка падкрэсліў, што выступае супраць забароны на выдачу візаў для беларусаў. "Ізаляваць трэба рэжым, а не народ. Але разумеем засцярогі Літвы і еўрапейскіх партнёраў: многія пасобнікі рэжыму і прыхільнікі вайны злоўжываюць шэнгенскімі візамі"

Па яго словах, цяпер распрацоўваецца механізм верыфікацыі, каб беларусы, якія не падтрымліваюць вайну і рэжым, маглі перамяшчацца па тэрыторыі ЕС і мець там бяспечны прытулак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.