Вы тут

Даносы за подпісам "Леха Валенсы" адправяць на графалагічную экспертызу

Даносы і пацвярджэнні атрымання грошай ад камуністычных спецслужбаў з подпісам "Лех Валенса “Болек” маглі быць напісаныя кім заўгодна. Дакладна даведацца, ці гэты почырк сапраўды належыць былому польскаму прэзідэнту, можна будзе толькі калі свой вердыкт вынесуць спецыялісты. Графалагічная экспертыза тайных дакументаў яшчэ не праводзілася і можа зацягнуцца нават на некалькі тыдняў, заявіў ў эфіры тэлеканала ТВН24 кіраўнік Інстытута нацыянальнай памяці Лукаш Камінскі:

“Сапраўдны дакумент не заўсёды ўтрымлівае праўдзівую інфармацыю. Яе часам трэба дадаткова правяраць. Гэта ж трэба будзе зрабіць і са знойдзенымі цяпер дакументамі”.

Па словах Камінскага, “сапраўднасць” знойдзеных даносаў і пісьмовых абавязацельстваў азначае толькі тое, што яны паўсталі ў камуністычных службах бяспекі. Аднак ці не былі яны адмыслова сфабрыкаваныя ў пазнейшы перыяд, каб нашкодзіць рэпутацыі Леха Валенсы, пакуль дакладна невядома.

Сам жа 72-гадовы Лех Валенса знаходзіцца ў Венесуэле. Палітык паехаў туды, каб падтрымаць мясцовую апазіцыю, якая дамагаецца вызвалення палітвязняў і рэформаў у сваёй краіне. Скандал, які разгарэўся ў Польшчы, Валенса каментуе ў сваім мікраблогу. Былы прафсаюзны актывіст запэўнівае, што не супрацоўнічаў са спецслужбамі, а дакументы, якія цяпер усплылі, падробленыя:

“Я публічна заяўляю, што я ніколі не згаджаўся на супрацоўніцтва са Службай бяспекі, ніколі не даносіў ні на каго, ні вусна, ні пісьмова. Я не падтрымліваў камунізм. Я не даў сябе зламаць і не браў грошы ні за якія даносы”.

Нагадаем, што днямі ў Польшчы знайшлі тайныя дакументы, якія могуць пацвярджаць, што Лех Валенса быў агентам СБ.