Лех Валенса ўсё ж быў агентам спецслужбаў? Палітык абвяргае

Лех Валенса ўсё ж быў агентам спецслужбаў? Палітык абвяргае

Польскі Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) паведамляе, што знойдзена пісьмовае пацвярджэнне супрацоўніцтва з камуністычнымі спецслужбамі Леха Валенсы. Адпаведныя дакументы знайшлі ў доме ўдавы генерала Чэслава Кішчака, высокага чыноўніка МУС і спецслужбаў у часы камунізму. У двух тэчках, якія разам змяшчаюць некалькі соцень старонак розных дакументаў, сярод іншага знайшлі напісанае ад рукі абяцанне супрацоўніцтва са спецслужбамі, падпісанае “Лех Валенса “Болек”.

Таксама ёсць і пацвярджэнне атрымання ад спецслужбаў грошай, падпісанае псеўданімам “Болек”. Маюцца і шматлікія даносы ад імя тайнага агента “Болека” ды нататкі супрацоўнікаў СБ з сустрэч з ім. Пра гэта распавёў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 18 лютага кіраўнік польскага Інстытуту нацыянальнай памяці Лукаш Камінскі.

Лукаш Камінскі: “Частка даносаў напісаная ад рукі і падпісаная псеўданімам “Болек”. Усе знойдзеныя дакументы паходзяць з 1970-1976 гадоў. На думку эксперта-архівіста, які ўдзельнічае ў аналізе дакументаў, усе яны выглядаюць цалкам сапраўднымі”.

Сам жа Лех Валенса знаходзіцца цяпер у Венесуэле. Падзеі, што адбываюцца ў Польшчы, ён пракаментаваў толькі ў сваім мікраблогу: “Там не можа быць ніякіх матэрыялаў ад мяне. Калі б яны былі, не было б патрэбы іх падрабляць”.

Цяпер спецыялісты працягваюць вывучаць знойдзеныя дакументы. Супрацоўнікі ІНП разам з паліцыяй таксама праводзяць ператрус на дачы генерала Кішчака ў пошуках іншых сакрэтных дакументаў з часоў Польскай Народнай Рэспублікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі