Дамова Расіі з Іранам і сітуацыя вакол Запарожскай АЭС — 170-я раніца вайны

Асноўныя баі ідуць на Данецкам кірунку / УСУ
Асноўныя баі ідуць на Данецкам кірунку / УСУ

Расійскія войскі ўначы зноў абстрэльвалі Харкаў і Днепрапятроўскую вобласць. Мэр Харкава Ігар Церахаў піша аб пяці выбухах у горадзе. Падрабязнасці абяцае пазней.

У Днепрапятроўскай вобласці пад агнём былі два раёны. Па Нікапальскім зноў білі з "Градаў".

"У Марганец прыляцелі да 40 рэактыўных снарадаў. Пацярпелі тры чалавекі, двое з іх у бальніцы. Сярод шпіталізаваных 12-гадовы хлопчык", — паведамляе кіраўнік Днепрапятроўскай вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. У горадзе пашкоджаныя 4 шматпавярхоўкі і некалькі прыватных дамоў, а яшчэ мясцовы завод, друкарня, крама і кавярня.

Пад абстрэлам гэтай ноччу быў і Крыварожскі раён Днепрапятроўскай вобласці. Тут расіяне стралялі з "Ураганаў" —  ёсць разбурэнні жылля, але людзі не пацярпелі.

"Праціўнік працягвае наносіць авіяцыйныя і ракетныя ўдары па ваенных і грамадзянскіх аб'ектах на тэрыторыі Украіны", — гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Асноўныя намаганні расійскіх войскаў сканцэнтраваны на Данецкам кірунку. У прыватнасці, расіяне маюць частковы поспех у напрамку Горлаўка-Зайцава. Працягваюцца баі ля сяла Кадэма і пасёлка Пескі.

Сделка России с Ираном и ситуация вокруг Запорожской АЭС — 170-е утро войны
Наступствы абстрэлаў у Днепрапятроўскай вобласці / @dnipropetrovskaODA

Украінскія вайскоўцы са свайго боку ліквідавалі чарговы склад боепрыпасаў на Херсоншчыне. Пра гэта піша УНІАН са спасылкай на спікера камандавання "Поўдзень" Уладзіслава Назарава. Паводле яго слоў, украінская авіяцыя нанесла два ўдары: па апорным пункце расіян непадалёк Андрэеўкі і па вялікай колькасці сіл і тэхнікі праціўніка каля Брускінскага.

У Інстытуце вывучэння вайны (ЗША) лічаць, што Уладзімір Пуцін здзейсніў здзелку з Іранам — паабяцаў прадаставіць Тэгерану складаныя ваенныя платформы ў абмен на беспілотнікі, якія патрэбныя на вайне з Украінай. Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што баланс сіл у расійска-іранскіх адносінах змяніўся. Калі раней Масква выступала з больш моцных пазіцый, то зараз вядучым у перамовах стаў Тэгеран.

"Гэтыя расійскія саступкі паказваюць на змену дынамікі улады, паколькі Пуцін шукае эканамічнай і ваеннай падтрымкі з пазіцыі, калі ўвусь час растуць патрэбнасці. Глабальная ізаляцыя і вайна ва Украіне аслабляюць Пуціна і вымушаюць яго мацней абапірацца на Іран (і іншыя рэвізіянісцкія дзяржавы)", — гаворыцца ў справаздачы Інстытута.

У Радзе Бяспекі ААН напярэдадні абмяркоўвалі сітуацыю на захопленай Запарожскай АЭС. Вакол станцыі адбываюцца абстрэлы — Расія абвінавачвае ў іх Украіну. Пакуль пагрозы ядзернай бяспекі няма, але ўсё можа змяніцца ў любы момант, казалі эксперты МАГАТЭ падчас пасяджэння, паведамляе "Громадське". Гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Марына Гросі заявіў, што вельмі занепакоены сітуацыяй — любыя ваенныя дзеянні каля станцыі павінны неадкладна спыніцца. Станоўча паўплываць на сітуацыю магла б місія МАГАТЭ — Гросі настойвае на такой паездцы экспертаў.

"Мы былі гатовыя з чэрвеня, але з-за палітычных фактараў і іншых меркаванняў місія была немагчымая. Мы не можам дазволіць такім фактарам больш затрымліваць нас", — заявіў ён.

Са слоў прадстаўніка РФ у Радзе Бяспекі ААН Васіля Нябензі, Расія таксама разлічвае на хутчэйшы візіт прадстаўнікоў МАГАТЭ на станцыю, але пры гэтым ён падкрэсліў, што "ніякіх гарантый даць не можа". Украіна са свайго боку выставіла некалькі ўмоў Расіі для допуску місіі МАГАТЭ на Запарожскую АЭС. Іх на пасяджэнні Рады бяспекі ААН агучыў пастаянны прадстаўнік Сяргей Кісліца. РФ не павінна чыніць перашкод праходу місіі з боку Украіны, размініраваць АЭС і падыходы да яе, а таксама вывесці са станцыі войска, зброю і тэхніку.

Сделка России с Ираном и ситуация вокруг Запорожской АЭС — 170-е утро войны
Запарожскую АЭС кантралююць расійскія вайскоўцы / Reuters

Авіябазу ў Крыме ўзарвалі ўкраінскія спецназаўцы. Пра гэта піша The Washington Post са спасылкай на ўкраінскага чыноўніка. Падрабязнасцяў чыноўнік не распавёў. Аднак выданне адзначае, што гэтая атака "азначае сабой значную эскалацыю амаль шасцімесячнай вайны, дэманструючы новую здольнасць украінскіх сіл праводзіць атакі далей за лініяй фронту, чым раней лічылася магчымым". Па паведамленнях украінскага боку, на базе былі знішчаны як мінімум дзевяць расійскіх вайсковых самалётаў. Крым ужо не здаецца такім непаражальным.

Атака прадэманстравала расіянам, што "яны нідзе непераможныя", — заявіў таксама выданню былы міністр абароны Украіны, а цяпер кіраўнік незалежнай украінскай аналітычнай арганізацыі Цэнтр абаронных стратэгій Андрэй Загароднюк. З ягоных слоў, расійскія войскі больш "не могуць адчуваць сябе ў бяспецы ў Крыме".

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным звароце заклікаў прадстаўнікоў улады і вайскоўцаў не раскрываць дэталі ваенных аперацый Украіны.

"Вайна — гэта дакладна не час для ганарыстасці і гучнасці заяў. Чым менш канкрэтных дэталяў вы агучыце аб нашых абаронных планах, тым лепш будзе для рэалізацыі гэтых абарончых планаў", — заявіў Зяленскі.

Ён падкрэсліў, што мэта "пакінуць пасля сябе гучныя загалоўкі" "адкрыта безадказная" справа.

Герб СССР на шчыце манумента "Радзіма-маці" ў Кіеве заменяць у 2023 годзе, заявіў міністр культуры Украіны Аляксандр Ткачэнка. Сёлета мяркуецца толькі распрацаваць план дэмантажу герба і правесці падрыхтоўку да тэхнічных работ.

"Будзем здымаць серп і молат, будзем асцярожна пераносіць славутасці савецкім "выбітным "дзеячам, але будзем рабіць гэта ў адпаведнасці з законам", — падкрэсліў Ткачэнка.

Нагадаем, раней 85% апытаных на платформе "Дія" украінцаў прагаласавалі за "дэкамунізацыю" герба СССР на "Радзіме-маці" ў Кіеве і замене яго на трызубец. Адзначым, што скульптура "Радзіма-маці" з'явілася на правым беразе Дняпра ў Кіеве ў 1981 годзе. Яна лічыцца самай высокай манументальнай скульптурай у Еўропе. Агульная вышыня помніка з пастаментам — 102 метра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі