Вы тут

Далоў утульныя двары? У Брэсце хочуць знесці гістарычны квартал

Дом у цэнтры Брэста на вуліцы Будзёнага / "Бинокль"

Жыхары Брэста рызыкуюць пазбавіцца шэрагу прывабных будынкаў у гістарычным цэнтры горада ў межах вуліц Савецкіх пагранічнікаў, 17 верасня і Будзённага. На гэтым месцы плануюць збудаваць групу жылых дамоў з крамамі і ўстановамі сферы паслуг або офісамі. Адпаведнае паведамленне апублікаванае на сайце Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта.

Знесці плануюць аднапавярховік на першым плане / instagram.com/ne_sidim_doma

Паводле дакумента, праект прадугледжвае знос будынкаў і збудаванняў, якія “не маюць гісторыка-культурнай каштоўнасці”, хоць і знаходзяцца ў зоне аховы гістарычнага цэнтра Брэста. На іх месцы збіраюцца ўзвесці тры жылыя дамы з убудаванымі памяшканнямі гандлёвага прызначэння, будынак грамадскага прызначэння, трансфарматарную падстанцыю і цеплавы пункт. Таксама аўтары праекта маюць намер добраўпарадкаваць тэрыторыю квартала.

Дамы, якія хутка могуць знікнуць ва ўтульным цэнтры Брэста / instagram.com/ne_sidim_doma
Дамы, якія хутка могуць знікнуць ва ўтульным цэнтры Брэста / instagram.com/ne_sidim_doma

Меркаваны пачатак будаўніцтва — чэрвень 2021 года, заканчэнне — роўна праз два гады. Замоўца запланаванай дзейнасці — ТАА “Спартовы клуб “Аматар”. Дазвол на праектаванне ці будаўніцтва выдадзены паводле акта выбару месца размяшчэння зямельнага ўчастка, зацверджанага Брэсцкім гарвыканкамам у траўні 2019 года. Выканаўца праекта — ТАА “БрэстКАДпраект”.

Дамы, якія хутка могуць знікнуць ва ўтульным цэнтры Брэста / instagram.com/ne_sidim_doma
Гэтая гаспадарчая пабудова з графіці таксама ідзе пад знос / instagram.com/ne_sidim_doma

Жыхары Брэста да 22 лютага могуць падаць заяву аб неабходнасці правядзення грамадскага абмеркавання экалагічнай экспертызы праекта — кантакты пазначаныя на сайце гарвыканкама. У афіцыйным паведамленні згаданая справаздача аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе (СУНА), але спасылка на яе адсутнічае (неактыўная).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.