Да Дня Волі-2019 рыхтуецца амбіцыйны музычны праект

Да Дня Волі-2019 рыхтуецца амбіцыйны музычны праект

Да 101-й гадавіны абвяшчэння БНР рыхтуецца святочны канцэрт “Дзень Волі-2019”. Арганізуе яго заснавальнік “Арт-сядзібы” і крамы Symbal.by Павел Белавус. Плануецца зладзіць канцэрт з песнямі на патрыятычныя вершы розных часоў: ад класікаў да сучаснасці. Ужо пачалі паступаць першыя прапановы.

Да чарговай гадавіны абвяшчэння БНР яшчэ амаль пяць месяцаў, але арганізатары лічаць, што час бяжыць хутка, таму і пачалі падрыхтоўку.

“Год стагоддзя БНР ужо амаль скончыўся, таму трэба думаць, што рабіць далей, — распавёў Еўрарадыё Павел Белавус. — З’явілася ідэя, што адной з “разынак” святкавання можа быць канцэрт на патрыятычныя вершы розных аўтараў. Спадзяёмся, што ў будучым гэта будуць песні, якія будзе спяваць уся Беларусь. Гэта будуць песні ўзроню “Грай”, “Не быць скотам”, “Паветраны шар”. Ідэя праекта —  пераемнасць новага пакалення музыкаў. Разам з вялікай камандай мы паспрабуем стварыць прадукт, які, спадзяемся, спадабаецца беларусам”.

Каманда, якая працуе над праектам, пачала адбор вершаў. Ужо ёсць больш за сто прапаноў. Далей —праца з музыкамі ў студыі.

За сто дзён на Дня Волі арганізатары плануюць прэзентаваць альбом і падрабязна распавесці пра яго. Месца, дзе адбудзецца канцэрт, пакуль не вядомае, бо пытанне з дазволам ад гарадскіх уладаў яшчэ не вырашанае.

“Якім будзе фармат канцэрта і дзе адбудзецца, цяпер цяжка сказаць, бо пакуль мы не ведаем, ці дазволяць нам у наступным годзе зноў правесці вялікае мерапрыемства ў горадзе, як было на стагоддзе БНР”, — дадае заснавальнік “Арт-сядзібы”.

Прапановы вершаў, з якіх, на вашу думку, можа атрымацца песня, арганізатары чакаюць на старонках у сацыяльных сетках Symbal.by і “Арт-сядзібы”. Кожны аўтар, чый тэкст трапіць у фінальны рэліз, атрымае падарунак — бел-чырвона-белы сцяг.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі