Да аўтара пастановы 991 “прынятыя меры”, але ён не звольнены

Ва ўпраўленні знешнеэканамічнай дзейнасці Апарата Савета Міністраў гавораць, што не трэба больш чапаць чалавека Еўрарадыё датэлефанавалася да начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Апарата Савета Міністраў Генадзя Мядзьведзева. Менавіта тут амаль 2 месяцы таму была распрацаваная скандальна вядомая пастанова № 991. Што стала з чалавекам, які пісаў той дакумент, — пытаемся пра падначаленага.

Генадзь Мядзьведзеў: "Жывы гэты чалавек. Калі б былі нейкія наступствы, тады б можна было пра нешта казаць, але пастанова была аператыўна адмененая".

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка тады сказаў:

"Сталі разбірацца, хто пастанову рыхтаваў. Вось цяпер у тым ліку і спецслужбы мяне інфармуюць: адзін буйны дзеяч па ўказцы прэм'ер-міністра падрыхтаваў, кінуў яму на стол, назаўтра ў адпачынак з'ехаў. І спытаць няма з каго. Нават імя".

У самім Апараце таксама доўга не маглі знайсці вінаватага. Але такі знайшлі.

Генадзь Мядзьведзеў кажа, што ўсё, што трэба, той чалавек атрымаў, але прозвішча яго называць не хоча.

"Не трэба. Навошта чалавеку непрыемнасці? Усё, што было неабходна, ён ужо атрымаў".

Адмовіўся назваць прозвішча гэтага чалавека і прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка.

"Навошта вам гэтае прозвішча? Калі вы хацелі нешта спытаць, дашліце мне спіс пытанняў — я яму перадам. Калі ён захоча на іх адказаць, то адкажа. Я не бачыў ніякіх дакументаў аб спагнанні. Магчыма, яны проста нідзе не праходзілі".

Калі прэс-сакратар не бачыў такіх дакументаў — магчыма, афіцыйнага спагнання ўвогуле не было. Але дакладна тое, што чалавека не звольнілі з працы. Працуе дагэтуль на сваім месцы і Таццяна Кібіна — чыноўніца, прозвішча якой было ўказанае пад скандальнай пастановай. На месцы і прэм'ер, які яго падпісаў.

Шукаць вінаватага не мае сэнсу, піша ў сваім блогу фірма "ЮрЗнак". Таму што вінаваты не адзін чалавек, а цэлая група кіраўнікоў. Бо любая пастанова, паводле рэгламенту самога ж Савета Міністраў, павінна праходзіць праз некалькі асобаў. І да яго прыняцця мусіць разглядацца кіраўнікамі Апарата Саўміна, міністрам фінансаў, міністрам эканомікі, міністрам юстыцыі, намеснікамі прэм'ера і таксама кіраўніком упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці, дзе была распрацаваная пастанова.


Чытай таксама:

Сідорскі: Пастанова №991 толькі для дзяржаўных прадпрыемстваў

МАЗ: Спыніцца завод — вось і ўсё!

Таццяна Кібіна: Я цяпер асоба вядомая. Але пастанову № 991 не пісала!

Лукашэнка: Пастанову № 991 рыхтаваў буйны "дзеяч" па ўказцы прэм'ера

Скандальная пастанова № 991 адмененая


Фота: gdb.rferl.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі