Да 70% Кіева па-ранейшаму без электрычнасці — 274-я раніца вайны ва Украіне

Кіеў пасля расійскага абстрэла 23 лістапада / Reuters
Кіеў пасля расійскага абстрэла 23 лістапада / Reuters

У выніку апошніх расійскіх нападаў на энергааб'екты Украіны 11 абласцей краіны апынуліся цалкам без святла. Пра гэта казаў гэтай ноччу ў відэазвароце ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

"Па стане на пачатак ночы паступова падлучальны новыя і новыя раёны. Энергетыкі, камунальнікі, ДСНС будуць працаваць кругласутачна", — запэўніў Зяленскі. Паводле яго, вельмі складаная сітуацыя ў Кіеве і ў Чарнігаўскай вобласці. На раніцу 70% Кіева да гэтага часу застаецца без электрычнасці. Гэта дадзеныя ад мэра украінскай сталіцы Віталя Клічко.

У Адэскай вобласці водазабеспячэнне і цяпло ноччу былі падлучаныя на 100%. Бытавыя спажыўцы электрычнасці — пакуль 10%, "але да раніцы павінна быць больш", запэўніў украінскі прэзідэнт.

Мінулай ноччу Зяленскі дыстанцыйна выступіў на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН. Пасяджэнне склікалі з-за чарговага масіраванага абстрэлу ўкраінскай інфраструктуры. Зяленскі заклікаў Раду Бяспекі прыняць рэзалюцыю "аб асуджэнні любых формаў энэргетычнага тэрору", а таксама запрасіў прадстаўнікоў ААН прыехаць ва Украіну і паглядзець на пашкоджаныя аб'екты крытычнай інфраструктуры. Зяленскі таксама заклікаў пазбавіць Расію права вета ў Радзе Бяспекі ААН. "Гэта нонсэнс, што права вета захоўваецца для таго, хто вядзе злачынную вайну", — адзначыў ён.

Учора днём Расія выпусціла па Украіне каля 70 ракет і каля 10 беспілотнікаў. 51 ракету і палову дронов збілі ўкраінскія СПА. Гэта дадзеныя ўкраінскіх вайскоўцаў. А наогул з 10 кастрычніка Расія запусціла па Украіне амаль 600 ракет, кажа міністр унутраных спраў Дзяніс Манастырскі. Ён таксама адзначыў, што толькі падчас учорашніх абстрэлаў расійскія ракеты патрапілі ў тры шматпавярховыя дамы. Адна з іх прыляцела ў радзільню ў Запарожскай вобласці. Загінуў нованароджаны хлопчык.

До 70% Киева по-прежнему без электричества — 274-е утро войны в Украине
Бальніца горада Ваўчанск Запарожскай вобласці пасля абстрэлу 23 лістапада / @starukhofficial

За мінулыя суткі расіяне нанеслі 78 ракетных і 23 авіяўдары, а таксама здзейснілі больш за 70 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Мэтай былі ўкраінскія войскі і населеныя пункты. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Расіяне наступаюць на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках (гэта ў Данецкай вобласці). Украінскія вайскоўцы ўчора адбівалі тут атакі ля дзясятка населеных пунктаў, у тым ліку каля Андрэеўкі, Бахмута, Кляшчэеўкі, Краснагораўкі, Мар'інкі, Опытнага і іншых. На Купянскім і Ліманскім кірунках расіяне трымаюць абарону, абстрэльваюць з танкаў, мінамётаў і ствольнай артылерыі раёны прыфрантавых населеных пунктаў. Абстрэльваюць УС РФ і населеныя пункты на правым беразе Дняпра ў Херсонскай і Запарожскай абласцях.

А медыкі бальніц у акупаванай Горлаўцы (Данецкая вобласць) атрымалі распараджэнне "вымаць дакументы забітых наймітаў прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнер", не праводзіць судова-медыцынскую экспертызу целаў і пакаваць іх у санітарныя мяшкі для транспарціроўкі. Месца прызначэння пакуль невядома". Пра гэта таксама гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштабе УСУ.

До 70% Киева по-прежнему без электричества — 274-е утро войны в Украине
Карта баёў у Харкаўскай і Данецкай абласцях 23 лістапада 2022 года / understandingwar.org

Паводле ацэнак экспэртаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, "Крэмль не адступіў ад сваіх максімалісцкіх мэтаў у аднаўленні кантролю над Украінай". Ён спрабуе схаваць гэтыя мэты, каб увесці ў зман заходнія краіны і прымусіць Украіну прасіць міру. Эксперты аналізуюць словы прэс-сакратара расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова. 21 лістапада Пяскоў сказаў, што змена дзеючай улады ў Украіне не з'яўляецца мэтай поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, і дадаў, што Пуцін "ужо казаў пра гэта". Але Пуцін нават у канцы кастрычніка казаў адваротнае. Падчас выступу ў дыскусійным клубе "Валдай" расійскі прэзідэнт зноў адпрэчваў суверэнітэт Украіны, казаў пра тое, што Расія "стварыла" Украіну, і што "адзінай рэальнай гарантыяй украінскага суверэнітэту" можа быць толькі Расія. "Тое, што Крэмль хавае свае мэты, верагодна, разлічаныя на заходнюю аўдыторыю, тым не менш, збівае з толку расійскіх прыхільнікаў вайны", — адзначаюць эксперты Інстытута.

У адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна лічаць, што Расія можа спачатку прымяніць хімічную зброю ў Украіне, перш чым звярнуцца да ядзернай канфрантацыі з НАТА. Гэта адбудзецца, калі расійскія войскі будуць працягваць губляць пазіцыі, піша Politico са спасылкай на шэсць дасведчаных у гэтай справе людзей.

Калі такая атака здарыцца, то Масква выкарыстоўвае хімічныя рэчывы, якія лёгка схаваць, каб заходнім краінам было цяжэй абвінаваціць расіян у нападзе, кажуць крыніцы выдання. Але могуць быць масавыя ахвяры. Напрыклад, некаторыя хімікаты могуць быць ператвораныя ў аэразоль або выкарыстаны ў боепрыпасах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі