Да 2030 года парк расійскіх самалётаў SSJ-100 можа скараціцца ў пяць разоў

"Сухі-Суперджэт" / Уладзіслаў Пермінаў, russianplanes.net
"Сухі-Суперджэт" / Уладзіслаў Пермінаў, russianplanes.net

У расійскай пасажырскай авіяцыі абазначылася сур'ёзная праблема. Да 2030 года парк расійскіх самалётаў SSJ-100 ("Сухі-Суперджэт") можа скараціцца ў пяць разоў, піша "Коммерсант".

Цяпер у Расіі эксплуатуецца 150 такіх самалётаў, а да 2030 года іх можа застацца 28. Прычына — выпрацоўка рэсурсу рухавікоў. На "Суперджэтах" стаіць расійска-французскі рухавік SaM-146. Французы адказвалі за абслугоўванне, праектаванне і выраб дэталяў для гарачай часткі рухавіка. Аднак пасля пачатку вайны супраць Украіны французскі Safran спыніў свой удзел у гэтым праекце. У Расіі разлічваюць наладзіць уласную вытворчасць, а пакуль рамантаваць рухавікі ў Іране, дзе назапашаны "вялікі досвед работ з замежнымі маторамі".

Але адразу некалькі суразмоўцаў выдання ў расійскіх авіякампаніях і авіяпраме адзначылі: калі рамонт гарачай часткі рухавіка так і не асвояць, песімістычны сцэнар можа рэалізавацца нават раней за 2030 год. Адзначым таксама, што яшчэ год таму — у траўні 2022 года — губернатар Хабараўскага краю Міхаіл Дзегцяроў казаў пра зацікаўленасць пастаўляць "Суперджэты" ў Беларусь. Гэтыя самалёты збіраюць у Камсамольску-на-Амуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі