Вы тут

Цыганкоў: Пуцін праглыне пра “ботакс”, бо мае на Беларусь стратэгічныя планы

Уладзімір Пуцін / Reuters

Беларускія прапагандысты, здаецца, пераступілі чырвоную лінію, калі ў чарговых нахвальваннях Лукашэнкі згадалі “бункер” і “ботакс”, намякаючы на Пуціна. Няўжо ім можна троліць крамлёўскага боса, галоўнага палітычнага партнёра кіраўніка Беларусі?  

У эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў расказаў, што Расія ў асобе Пуціна праглыне гэтыя здзекі, бо наперадзе сустрэча з Лукашэнкам па падпісанні "саюзнай праграмы". 

“У іх задача стратэгічная, таму яны і не звяртаюць, сцяўшы зубы, увагі на ўсялякія такія інцыдэнты — ад “Комсомольской правды” да “бункераў і ботаксаў”. Ясна, што ўльтыматум Мядзведзева пачаўся і яны да гэтага ідуць. Нават быў паслом Расіі Бабіч, з якім афіцыйны Мінск змагаўся, каб яго выціснуць, бо ён быў інтэгратар. І калі яго, можна сказаць, выгналі, то нават была ў пэўнай часткі насельніцтва эйфарыя, аднак Масква хоць і замяніла яго, але не змяніла стратэгію інтэграцыі.

Ёсць у аналітыкаў такое меркаванне, з якім я згодны: няма ў Масквы такой мэты, каб інтэграцыя была канчатковай: Беларусь знікне як незалежная дзяржава. У іх стратэгія: захапіць як мага больш пазіцый, маўляў, чырвона-зялёны сцяг хай застаецца, Лукашэнка, які будзе называць сябе кіраўніком Беларусі, хай застаецца. Галоўнае — забяспечыць інтарэсы Расіі ў ваенным, эканамічным і структурным сэнсе. У структурным — маецца на ўвазе ўсе гэтыя інтэграцыйныя ўстановы, аб’яднанні, у якія Беларусь уваходзіць. Усё для таго, каб Беларусь была ў сферы ўплыву Расіі”.       

Днямі ў інтэрнэт "злілі" закрытыя апытанні дзяржаўнага Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі ў Беларусі для расійскага МЗС. Па звестках апытання Ціханоўская, Бабарыка і Калеснікава лідзіруюць у спісе палітыкаў, да якіх беларусы ставяцца лепш за ўсё. З ліку мясцовых палітыкаў беларусы горш за ўсё ставяцца да Качанавай, Лукашэнкі і Макея

Віталь Цыганкоў кажа, што лічбы, прыведзеныя ў апытанні, яго не здзівілі. Як і сам факт правядзення такіх апытанняў з боку Расіі.

“Расійскія сацыёлагі перыядычна робяць апытанні па Беларусі — яны проста кладуцца на стол Пуціну. Яны рабіліся і раней, але проста была ўмова, што яны не будуць публікавацца. Аднак зараз Масква вырашыла апублікаваць. Гэта — адказ на гэтую інфармацыйную вайну: вы згадалі ботакс — мы не будзем называць Лукашэнку дрэннымі словамі, але пакажам, які ў яго на самай справе рэйтынг. Прычым са спасылкай не на нейкіх замежнікаў, а на расійскіх сацыёлагаў, якія могуць выклікаць найбольшы давер у беларусаў. Тым больш гэта ВЦІОМ, які дзяржаўны, а не нейкі ліберальна-апазіцыйны”, — кажа Цыганкоў.  

Па словах аналітыка, Лукашэнка як чалавек раздражняе Пуціна, а як палітык — многіх у Крамлі.

“Можам прыгадаць пачатак выбарчай кампаніі ў 2020 годзе, якая будавалася на антырасійскіх настроях. Яны хацелі яго падзёргаць, хацелі яго патузать. Але яны будуць на яго баку падчас выбараў і нікога з альтэрнатыўных кандыдатаў не падтрымаюць”.

Стратэгічна, нягледзячы на рысы характару, Лукашэнка задавальняе Маскву, а любая змена — гэта патэнцыйная гульня з невядомым, мяркуе эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.