Цыганка “закасіла” пад бландзінку і выдурыла 40 тысяч долараў

Жыхарка сталіцы ўласнаручна аддала чужому чалавеку 40 тысяч долараў, спецыяльна прынесеных з дому. Яшчэ адна жанчына з той жа мэтай зняла 7 тысяч долараў з банкаўскай карткі. Гэта не сюжэт з фантастычнага фільму. Нават следчыя баяліся глядзець у вочы затрыманай. Сёння ў сталіцы ёсць некалькі раёнаў, дзе жывуць цыганы. Да прыкладу, у Калодзішчах, на Ангарскай у Заводскім раёне найчасцей здараюцца выпадкі, калі з дапамогай гіпнозу цыганы “разводзілі” мінчукоў на грошы. У адным Першамайскім раёне за апошні год такіх выпадкаў было тры. Апошняе здарэнне, якое, дарэчы, адбылося каля нацыянальнай бібліятэкі, прымусіла развесці рукамі нават бывалых следчых.

Цыганка начапіла белы парык, наклала макіяж. Пасля падышла да добра апранутай кабеты, прадставілася як вядомая знахарка і паведаміла сваёй ахвяры, што тая сурочаная. Працягвае распавядаць следчы Максім Дрозд:

“Ну, жанчына крыху ў паніцы: што рабіць, як праверыць? Спосаб верны і просты: ідзіце ў краму, купляйце яйкі. Я разбіваю яйкі і правяраю: калі там будзе хвосцік яшчаркі ці лапка якой-небудзь жывёліны, значыць, на вас ляжыць праклён”.

Натуральна, пасля правядзення махінацыяў рукамі і ўвядзення гіпнозу ахвяра бачыць у разбітых яйках якраз тое, пра што казала цыганка. Пасля гэтага – справа за невялікім. Аферыстка кажа жанчыне, каб тая прынесла з дому свае грошы. І калі з іх зняць праклён, то ўсё будзе добра.

Максім Дрозд: “Кабета паехала дадому, гэта два прыпынкі. Узяла грошы, вярнулася назад, аддала іх цыганцы. Тая завярнула грошы ў газету. Выканала шэраг махінацыяў. Аддала кулёк назад і сказала, каб жанчына адразу не глядзела на грошы. Маўляў, спачатку трэба сесці на пэўны тралейбус, праехаць некалькі прыпынкаў. Каля нейкага дома трэба абысці 4 разы. Пасля гэтага паглядзіце: усё будзе нармальна, выдатна, неверагодна”.

Відавочна, пасля ўсяго гэтага жанчына не знаходзіла грошай у газетным кульку. Як можна так згубіць розум, каб самому аддаваць уласнае багацце? Ахвяры гіпнозу й самі не разумеюць, як так атрымліваецца. Алена Юркевіч дагэтуль не разумее, як магла паддацца ўздзеянню цыганкі, яшчэ будучы студэнткай:

“Адна цыганка падышла да мяне і завяла размову. Я так разумею, што гэта ўсё, што ёй трэба было. Але неяк так атрымалася, што я і золата пакінула дома. І сумачка старэнькая была, якой мне не шкада было. У мяне быў кашалёчак, яблык.

Я ёй усё гэта аддала і сказала: хадзем са мной, я вам яшчэ нешта аддам. Але яна, відаць, ужо зразумела, што з мяне нічога не возьмеш. Я адыходзіла ад яе і ўсё яшчэ знаходзілася пад гэтым гіпнозам. І толькі калі я выйшла з рынку, я пачала разумець, што штосьці тут не тое”.

Як пазбегнуць такой сітуацыі, расказвае доктар псіханеўралагічнага дыспансера Ігар Сарокін:

“Не глядзець у вочы, не слухаць яе, глядзець у прастору, нібыта цыганкі не існуе. Канцэнтраваць сваю ўвагу на ўсім, чым заўгодна, акрамя суб’екта, які імкнецца вас выкарыстаць”.

Нават самі міліцыянты на следстве баяліся глядзець у вочы затрыманай спадарыні Пасевіч, якая і падманула мінчанку на 40 тысяч долараў. Падазраваную апазналі яе ахвяры, і жанчына цяпер знаходзіцца ў следчым ізалятары. Хаця віну сваю адмаўляе. Яе падзельніца ўсё яшчэ знаходзіцца на волі і, магчыма, працягвае практыкаваць навыкі гіпнозу.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі