Цяпер нашыя людзі на таксі ў булачную не паедуць

Мінчукі будуць аплочваць таксоўцам “халасты” прабег, таму што раней выклікалі таксі, каб выкінуць смецце.

У сталіцы ўвялі мінімальны кошт на паездкі ў таксоўках. Праязджаючы нават 200 метраў, на лічыльніку вы пабачыце 4950 рублёў. І толькі калі машына праедзе больш за 3,5 кіламетра, таксометр пачне налічваць грошы далей. У асацыяцыі “Сталічнае таксі”, у якую ўваходзяць усе мінскія службы, Еўрапейскаму радыё паведамілі, што апошнім часам вельмі ўзраслі паездкі менш чым на кіламетр. Яны складаюць 10-15% ад агульнай колькасці заказаў. Асабліва гэта адчувальна ў дождж. З-за гэтага большасць мінскіх фірмаў аказаліся нерэнтабельнымі. Працягвае член праўлення асацыяцыі “Сталічнае таксі” Дзмітрый Навашэўскі:

“Да таго, як пасажыр здзейсніць паездку, машына падаецца ці на стаянку, ці на месца выкліку. Суадносіны падачы машынаў і даўжыні паездкі прымушаюць нашыя планавыя паказчыкі трашчаць па швах. На дробную паездку мы пасажыру не можам адмовіць, але пры гэтым ён павінен аплаціць тое, што мы патрацілі, падаючы яму машыну”.

Статыстычныя падлікі паказалі, што паездка становіцца рэнтабельнай толькі пасля прабегу ў 3,5 кіламетра. Сярэдняя паездка звычайна на 8-10 кіламетраў. Ці згодныя з пераменамі самі таксоўцы? Некаторыя лічаць, што гэта парушэнне правоў спажыўцоў, іншыя ж маюць зуб на аматараў кароткіх паездак:

“Ёсць такія людзі, напрыклад, бабка 75 год, у якой ужо старэчы склероз, выклікае таксоўку з дома 49-га па Сурганава, каб завезці смецце да дома 51-га, дзе стаяць смеццевыя бакі. За 2 тысячы. Ёсць такія людзі, якія ездзяць на 3-4 тысячы. Гэтага нам не трэба. Лепш, каб быў мінімальны кошт — 5 тысяч. Думаю, людзі ўсё роўна не адмовяцца ездзіць”.

Цалкам верагодна, што людзі ўсё роўна будуць выклікаць таксі. Асабліва тыя, хто па аб’ектыўных фізіялагічных прычынах не можа карыстацца грамадскім транспартам або хадзіць пешшу. Аднак, сцвярджае Дзмітрый Навашэўскі, да канца месяца для іх у некаторых выпадках будзе распрацаваны асобны сацыяльны тарыф:

“Калі чалавек інвалід і ён едзе па сацыяльным адрасе, скажам, у аптэку ці паліклініку, то, вядома, на яго гэтая сістэма распаўсюджвацца не будзе. Акрамя гэтага яшчэ распрацоўваецца сацыяльны тарыф для такіх людзей — 50% зніжкі. Але калі інвалід сеў у таксоўку і кажа: адвязіце мяне на рынак, — то на яго сацыяльны тарыф, вядома, распаўсюджвацца не будзе”.

Можа быць, сталічныя фірмы згубяць некаторых кліентаў. Але гэта лепш, чым падвышаць агульныя тарыфы на паездку ў таксі.

Аднак самае галоўнае, відаць, што цяпер пры кароткіх паездках, верагодна, будуць парушацца правы спажыўцоў. Кажа старшыня грамадскага абяднання “Абарона спажыўца” Ірына Канапліцкая:

“Паслуга навязана, але ж яна павінна чымсьці абгруноўвацца. Можа быць, тут і ёсць парушэнне правоў спажыўцоў менавіта таму, што паслуга яшчэ не аказана, а ўжо аплочваецца”.

Але станоўчы бок у гэтай праблеме, відаць, у тым, што ўвядзенне мінімальнага кошту прымусіць таксоўцаў штораз уключаць лічыльнік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі