Вы тут

ЦВК Беларусі абмежаваў колькасць назіральнікаў на выбарчых участках

Пасяджэнне ЦВК, 22 ліпеня 2020-га / Скрыншот з трансляцыі

ЦВК Беларусі абмежаваў колькасць назіральнікаў на выбарчых участках. У дні датэрміновага галасавання іх можа быць не больш трох, 9 жніўня — не больш пяці (і не больш за 50% ад складу камісіі). Прапанавала гэта старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая спаслалася на "эпідэміялагічную сітуацыю". "Я разумею, што гэта будзе непапулярнае рашэнне, але прапаную на перыяд гэтай электаральнай кампаніі зменшыць колькасць назіральнікаў", — заявіла яна на пасяджэнні ў панядзелак.

Калі на ўчастку шмат назіральнікаў, сябры ўчастковых камісій "не адчуваюць сябе абароненымі ні фізічна, ні маральна", — упэўненая старшыня ЦВК. Яна заклікае членаў выбарчых камісій на час галасавання адмовіцца ад сацыяльных сетак.

Члены Цэнтрвыбаркама Ярмошыну падтрымалі.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, старшыня камісіі будзе рабіць "адбор па даце падачы дакументаў на акрэдытацыю" і вызначыць колькасць назіральнікаў. Але значную колькасць заявак ужо падалі прадстаўнікі праўладных арганізацый (той жа "Белай Русі").

Як вядома, альтэрнатыўныя кандыдаты, тая ж Святлана Ціханоўская, заклікала беларусаў актыўна ўдзельнічаць у назіранні на выбарах. Меркавалася, што назіральнікаў будзе вельмі шмат. Аднак ЦВК аператыўна абмежаваў іх колькасць.

На прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі не будзе назіральнікаў ні ад БДІПЧ АБСЕ, ні ад Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.