ЦВК адмовіўся рэгістраваць Ганцэвіча кандыдатам у прэзідэнты без 100000 подпісаў

ЦВК адмовіўся рэгістраваць Ганцэвіча кандыдатам у прэзідэнты без 100000 подпісаў

Цэнтрвыбаркам Беларусі адмаўляецца рэгістраваць Юрыя Ганцэвіча кандыдатам у прэзідэнты без сабраных 100000 подпісаў. У сярэдзіне чэрвеня фермер звярнуўся ў ЦВК з заявай — ён прасіў зарэгістраваць яго, нягледзячы на тое, што патрэбную колькасць подпісаў для гэтага не сабраў. У адказе за подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай сказана, што гэта немагчыма.

"...тлумачым, што Вашае патрабаванне супярэчыць нормам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, — сказана ў дакуменце. — Цэнтральная камісія абавязаная ў сваёй дзейнасці кіравацца нормамі заканадаўства і не ў праве задаволіць Вашае патрабаванне не ўжываць частку другую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая ўстанаўлівае патрабаванне аб сборы 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь".

Аднак сам Юрый Ганцэвіч трымаецца іншага гледзішча. У відэа, размешчаным на яго Youtube-канале "Приключения козы Машки", ён, трымаючы ў руках ліст з ЦВК, сцвярджае, што чыноўнікі задаволілі яго заяву і пагадзіліся зарэгістраваць кандыдатам у прэзідэнты. У сацсетках можна знайсці фэйкавы дакумент пра гэта.

ЦВК адмовіўся рэгістраваць Ганцэвіча кандыдатам у прэзідэнты без 100000 подпісаў
Фэйкавы дакумент

Такім чынам, на дадзены момант можна напэўна сцвярджаць дзве рэчы:

— Юрый Ганцэвіч не сабраў 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты;

— ЦВК адмаўляецца яго рэгістраваць без гэтых 100 тысяч подпісаў.

Без Ганцэвіча на сёлетніх выбарах застаецца сем прэтэндэнтаў: Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала, Святлана Ціханоўская, Ганна Канапацкая, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Чэрачэнь і Аляксандр Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі