Вы тут

У Ціманоўскай у Польшчы "шэсць целаахоўнікаў"

Крысціна Ціманоўская на спаборніцтвах у Шчэціне, жнівень 2021-га / Krzysztof Hadrian/Agencja Gazeta via REUTERS

"Мой план — як мага хутчэй выступаць за Польшчу", — сказала беларуская спартсменка Крысціна Ціманоўская нямецкім журналістам з выдання Welt am Sonntag. Па словах Ціманоўскай, у яе і мужа ў Польшчы "шэсць целаахоўнікаў". Яна не шкадуе пра пераезд у Польшчу. "Думаю, што гэта быў правільны шлях", — кажа Крысціна Ціманоўская.

У згаданым інтэрв'ю нібыта прагучала, што яна падала дакументы на атрыманне польскага грамадзянства. Ціманоўская пазней гэта абвергла. "У мяне з сабой акрамя пашпарта нічога няма! — піша яна ў Instagram. — А для падачы дакументаў, трэба сабраць вельмі шмат папер".

Ціманоўская апынулася ў Польшчы ў жніўні пасля інцыдэнту на Алімпіядзе ў Токіа. Пачалася ўсё з таго, што ў двух беларускіх бягух, якія павінны былі ўдзельнічаць у эстафеце 4*400 метраў, не аказалася дастатковай колькасці допінг-пробаў — іх не дапусцілі да спаборніцтваў. Тады беларускія спартыўныя функцыянеры вырашылі выставіць на старт Крысціну Ціманоўскую, якая бегае толькі кароткія дыстанцыі — 100 і 200 метраў. Пра гэта спартсменка эмацыйна напісала ў сацсетках. Пасля гэтага Ціманоўскую вырашылі датэрмінова адправіць у Беларусь — ва ўльтыматыўнай форме сказалі збіраць рэчы і ехаць у аэрапорт. Там яна звярнулася па дапамогу да паліцыі, а пасля і да Міжнароднага алімпійскага камітэта. Выбухнуў скандал.

Пасля прыезду ў Польшчу Крысціна Ціманоўская заявіла, што плануе змяніць спартыўнае грамадзянства на польскае. Яна выказала спадзяванне, што абавязковы трохгадовы каранцін для яе скароцяць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.