Ціханоўскую — у "каралевы", Вячорку выслаць у Манголію: план Вадзіма Пракоп'ева

Рэстаратар Вадзім Пракоп'еў на Форуме дэмакратычных сіл Беларусі, 12 ліпеня 2022 года / Cкрыншот ютуб-канала BelarusForum

Расчараванасць дзеяннямі каманды Святланы Ціханоўскай, прапанова адправіць Франка Вячорку ў Манголію і стварыць "беларускага Чэрчыля" — тэмы выступу рэстаратара-бунтара Вадзіма Пракоп'ева на Форуме дэмакратычных сіл Беларусі ў Берліне 12 ліпеня.

— Мы ўжо чатыры месяцы ў вайне, і я разам з вамі не разумею, ці ёсць у галоўнага штаба беларускай апазіцыі [магчыма, Офіса Святланы Ціханоўскай] нейкі план. Я разумею, што ёсць план у Пуціна, у Лукашэнкі, у Залужнага [галоўнакамандуючага УСУ]. Я не разумею, ці ёсць план у нашага лідарства.

Вадзім Пракоп'еў / BelarusForum

Для таго каб знайсці пункты палітычнага судакранання з прысутнымі на Форуме дэмакратычных сіл Беларусі, Вадзім Пракоп'еў задаў зале некалькі пытанняў. Вось некаторыя з іх:

"Хто з вас згодны са сцверджаннем, што ў аксамітнай рэвалюцыі ў Беларусі няма шанцу і што ўладу — любімую бразготку Лукашэнкі — можна забраць толькі сілай?"

"Хто лічыць з прысутных тут, што Расія — гэта ІДІЛ з ядзерным арсеналам? Што Расія — гэта дзяржава-тэрарыст? Што Расія — гэта хвароба? Хто лічыць, што Пуцін — х**ло?"

"Хто згодны са сцверджаннем, што калі б спадар Франак Вячорка з такой жа энергіяй, з якой ён змагаецца з іншымі апазіцыянерамі, змагаўся з Лукашэнкам, то мы б ужо танцавалі на магіле дыктатара?"

"Хто лічыць, што новая Беларусь гаворыць на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай?"

"Ці згодныя вы з тым, што ўсе амбіцыі прысутных [на Форуме] нічога не значаць і ўсе яны павінны быць у апошнюю чаргу ў параўнанні з прыярытэтам, які называецца "вызваленне Беларусі?"

Удзельнікі Форуму падымаюць рукі пасля пытанняў Вадзіма Пракоп'ева / BelarusForum

— Слухайце, не такая дрэнная кампанія, — выказваецца Вадзім Пракоп'еў пра рэакцыю ўдзельнікаў Форуму на яго пытанні. — Я трапіў у кампанію беларусаў, якія думаюць адэкватна.
 

Пра расчараванне ў "лідарстве"

— Я прызнаюся ў тым, што я быў дурнем. Я прайшоў вельмі доўгі шлях, я быў ідыётам. Я досыць рана зразумеў, што ў нас з лідарствам бяда. Я гэта зразумеў тады, калі ініцыяваў першы круглы стол апазіцыі ў кастрычніку 2020 года ў Вільні, — прызнаецца Вадзім Пракоп'еў. — Досыць хутка, у часе першага круглага стала я зразумеў, з кім я маю справу. Досыць хутка я зразумеў, што няма ніякага жадання [магчыма, у "лідараў"] аб'яднаць здаровыя сілы.

Досыць хутка я зразумеў узровень і маштаб асобы. Я ўсю гэту справу пакінуў і пайшоў сваёй дарогай. Мне, дурню, здавалася, што лепш гэта не чапаць, лепш не дапамагаць Лукашэнку і Тэртэлю, лепш не выносіць смецце з хаты. А проста на флангу, сваімі сіламі, крафтавым спосабам зрабіць нейкі свой спосаб супраціву. У мяне сёе-тое атрымалася, сёе-тое не атрымалася.

Вадзім Пракоп'еў пайшоў сваёй дарогай і стаў арганізатарам "Пагоні" — падраздзялення беларускіх байцоў-добраахвотнікаў ва Украіне

Пра адраджэнне пратэставага руху ў Беларусі

— Мы з вамі разумеем, што ніякі вайсковы паход праз паўночную мяжу Украіны эквівалентнымі сіламі беларускай арміі немагчымы. Мы з вамі выдатна разумеем, што трэба мець навучаную ўзброеную сілу, пажадана дасведчаную і правераную ва ўкраінскіх баях, — звяртае ўвагу Вадзім Пракоп'еў. — Але пры гэтым без дэфібрылятара пратэсту, без таго, каб зноў заразіць беларусаў ідэяй вырвацца з рабства, без спалучэння гэтых двух сіл нічога не магчыма.

На мой погляд, не існуе ніякага спосабу перамагчы, акрамя ваенна-палітычнага. Нам патрэбен масавы пратэст. І наўрад ці ён будзе здымаць абутак перад лаўкай, хутчэй за ўсё, лаўку гэтым разам разбяруць. І дакладна гэтаксама нам патрэбна сіла. [Каб] на базе гэтай сілы мог паўстаць палітычны полюс.

Ці будзе новая хваля масавага пратэсту ў Беларусі? / Еўрарадыё

Пра неабходнасць зрабіць Святлану Ціханоўскую "каралевай"

— Я прыходжу да высновы, што нам патрэбныя краіны-хаўруснікі. Патэнцыйнымі хаўруснікамі я б вызначыў Лондан і Варшаву, — кажа Вадзім Пракоп'еў. — Але ўсе хаўруснікі задаюць адно і тое ж пытанне: кім вы з'яўляецеся Святлане Ціханоўскай?

Можна крыўдзіцца на гэта меркаванне хаўруснікаў. Можна казаць "Як жа так? Хіба яны не бачаць, што ў Ціханоўскай і плана ніякага няма, што гэта пасіўнае лідарства, яно спазнілася ад парадку дня?" Прычым спазнілася нават не з вайной, а значна раней. Але без нашых заходніх партнёраў па антыпуцінскай кааліцыі нам не перамагчы. Уся гэтая кампанія спытае: а дзе ваша легітымнасць? І мы ў пастцы.

Які б мы куток уласнага пасіянарнага супраціву ні выбудоўвалі, мы ўсе прыйдзем у адзін і той жа пункт. Гэты пункт будзе гучаць так: кім вы з'яўляецеся Святлане Ціханоўскай? Галоўнае пытанне гучыць так: у нас няма лідарства і ў нас ёсць адзін чалавек з мандатам [магчыма, маецца на ўвазе Святлана Ціханоўская. — Еўрарадыё]. Я ведаю, як вырашыць гэтае пытанне, і прапаную вам крытычна паглядзець на маю камбінацыю. Нам трэба зрабіць з Ціханоўскай "queen Elizabeth". Мы, дарэчы, здымем з яе масу псіхалагічных праблем. Мне здаецца, яна жахліва выматалася і наўрад ці можа азартна працягваць гэтую барацьбу. Больш за тое, яна займаецца не вельмі любімай справай, гэта відаць няўзброеным людзям няўзброеным вокам.

Ці гатовая Святлана Ціханоўская да ролі "фармальнай каралевы"? / тэлеграм

— Яшчэ раз: Ціханоўская — "queen Elizabeth", а ў яе прэм'ер — "Чэрчыль", — падкрэслівае Вадзім Пракоп'еў. — Ціханоўская п'е гарбату з Джо Байдэнам, пакуль у суседнім пакоі прэм'ер-міністр размаўляе з міністрам абароны ЗША Остынам. Але Ціханоўская змагла такую сустрэчу зладзіць, і ў гэтым яе вялікая заслуга, заслуга яе міжнароднага імя, іміджу, фотагенічнасці і прывабнасці.

Такім чынам, калі мы робім двуххадоўку, Е2–Е4, то першы крок — Вячорка ідзе на падвышэнне амбасадарам у Манголію. Таму што з Вячоркам не спрацуецца ні адзін прэм'ер-міністр, гэта мы ўжо вызначылі.

Крок другі — нам патрэбны прэм'ер-міністр, які робіць вертыкальны орган улады, урад. І які, калі не спраўляецца са сваімі абавязкамі, падае ў адстаўку.

Спойлер: гэта наогул не я. Я ўсяго толькі шоўмен, паяц, радыёвядоўца, як мяне спрабуюць "забранзаваць" сябры Франка. Але калі вы спытаеце мяне, то я асабіста ведаю чалавека, які мог бы быць, на мой погляд, адной з кандыдатур для нашага "беларускага Чэрчыля", для нашага прэм'ер-міністра. Што вельмі важна, гэтага чалавека ведае ўся Украіна. І на кожным блокпасту [ва Украіне] яго пазнаюць і паважаюць.

Хто ж гэты валявы лідар, "беларускі Чэрчыль", кандыдат у крэсла прэм'ер-міністра новай Беларусі? "Назаву пасля. Здагадвайцеся", — так завяршыў сваю прамову Вадзім Пракоп'еў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.