Вы тут

Ціханоўская сказала, пры якой умове можа застацца ў "так званай палітыцы"

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская заявіла, што гатовая застацца ў палітыцы пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі. У інтэрв'ю ўкраінскаму выданню "Новое время" яна паведаміла, пры якой умове гэта магло б адбыцца.

Раней Ціханоўская неаднаразова казала, што разглядае сябе як пераходнага кіраўніка дзяржавы да новых выбараў. У новых выбарах яна ўдзельнічаць не планавала. Аднак цяпер паведаміла, што гатовая застацца ў палітыцы.

"Думаю, што, атрымаўшы той досвед, які я атрымала, і маючы такое кола сувязяў на міжнароднай арэне, я змагу быць карыснай сваёй краіне. Таму, калі беларусы гэтага захочуць, убачаць мяне ў гэтай ролі, я, вядома, магу застацца ў так званай палітыцы, будаваць гэтую палітыку зноўку і прыносіць карысць", — заявіла Ціханоўская.

Раней у інтэрв'ю Дзмітрыю Гардону яна сказала, што ў Беларусі пасля Лукашэнкі бачыць сябе ў праваабарончай сферы.

Таксама Ціханоўская паведаміла, што цяпер апазіцыя і грамадства павінныя весці перамовы з палітычнай элітай вакол Лукашэнкі: "У каго ёсць яшчэ мараль, прынцыпы і хто зразумее, што пры Лукашэнку палітычны і гуманітарны крызіс пагаршаецца і настаў час перамоваў"

На перамовы з самім Лукашэнкам яна не мае ніякай надзеі, бо ён да апошняга будзе трымацца за ўладу. 

Ціханоўская паведаміла, што чыноўнікі розных рангаў пастаянна звяртаюцца да яе каманды з прапановамі аб супрацоўніцтве. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.