Вы тут

Ціханоўская: Лукашэнка атрымае гарантыю бяспекі, калі сыдзе мірна

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Аляксандр Лукашэнка атрымае гарантыі бяспекі ў выпадку мірнага сыходу з пасады. Пра гэта Святлана Ціханоўская заявіла ў інтэрв'ю ўкраінскаму выданню "Левы бераг". 

"Вядома, калі мірна сыдзе, па-чалавечы, то такая верагоднасць ёсць. Можна нават сказаць — упэўненасць. Асабіста я павінна гаварыць за ўсіх людзей. І меркаванне ўсіх людзей будзе ўлічвацца ў гэтым пытанні", — патлумачыла Ціханоўская. І цвёрда заявіла, што Лукашэнка атрымае гарантыі бяспекі і "нават больш". 

Разам з тым Ціханоўская салідарызавалася з нядаўняй заявай Веранікі Цапкала, якая заявіла: "Калі б Пуцін заняў пазіцыю народа Беларусі, для нас бы ён быў нацыянальным героем". 

Ціханоўская сказала, што абсалютна з гэтым згодная: "Так, гэта было б вельмі, вельмі мудрае рашэнне мудрага кіраўніка. Прынамсі, з пункту гледжання беларускага народа. Ды і расійскага таксама".

Пры гэтым яна не падтрымлівае паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы. "Я ўпэўненая, што народ Беларусі будзе супраць", — падкрэслівае Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.