Ці здолее Лукашэнка дамовіцца з Пуціным пра чарговы крэдыт

Ці здолее Лукашэнка дамовіцца з Пуціным пра чарговы крэдыт

Кіраўнік Беларусі другі дзень знаходзіцца ў Маскве. Паехаў туды на сустрэчу з расійскім калегам “для грунтоўнай размовы па ўсім комплексе двухбаковых адносінаў”.

"Мы выдатна ведаем, чаго хоча Расія ад Беларусі. Упэўнены, што Расія абсалютна ведае, чаго трэба Беларусі ад Расіі”, — вобразна выказваецца падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка.

Ну, не сакрэт, што ці не галоўнае пытанне ў нашых двухбаковых адносінах — грошы. Ці прывязе Аляксандр Лукашэнка гэтым разам з Масквы чарговы крэдыт?

Пытанне гэтае важнае, бо і перамовы па чарговым крэдыце з МВФ зацягнуліся, і Еўразійскі банк развіцця нам сёлета грошай не дае. Чаму? Бо хоць і абяцалі, але іх рэкамендацыі не выконваем. Да прыкладу, такія:


“Утрыманне тарыфаў на жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі для насельніцтва на ўзроўні ніжэйшым сабекошту стварае дадатковую нагрузку на бюджэт… Пераход да тарыфаў для насельніцтва, якія будуць акупляць сабекошт, павінен адбыцца як мага хутчэй”.


Цікава, каб усё ж атрымаць чарговы транш ад Еўразійскага банка развіцця хопіць дамовіцца пра гэта з прэзідэнтам Расіі ці ўсё ж нам давядзецца выконваць іх рэкамендацыі? Прасцей кажучы, дадуць грошай ці не?

“Я думаю, што не дадуць, — кажа эканаміст Сяргей Чалы. — Асабістыя дамоўленасці тут асаблівай ролі не граюць. Па той прычыне, што ідэя стварэння Антыкрызіснага фонду стабільнасці і развіцця была ў тым, каб адыйсці ад двухбаковых адносінаў, завязаных на нейкія адносіны асабістыя, калі штогод ішлі спрэчкі, якія кошты на нафту, на газ і гэтак далей, і ў тым, каб выбудаваць нейкую ўстойлівую сістэму шматбаковых адносінаў”.

Асабістыя дамоўленасці паміж кіраўнікамі дзвюх краін могуць дапамагчы атрымаць крэдыт з іншай крыніцы, разважае Чалы.

“Апошнія гады два ў нас былі крэдыты ў памеры 500 ці 700 мільёнаў долараў, якія ішлі з расійскага бюджэту. Але, шчыра кажучы, там цяпер усё дастаткова дрэнна і нават грошы рэзервовага фонду ўсе распісаныя, калі яны там яшчэ ёсць. Там ёсць свае, больш важныя прасіцелі. Таму я не думаю, што ў пытаннях атрымання грошай нейкія поспехі могуць быць”.

Праўда, тут жа важна тое, на што грошы прасіць. Мэта ж можа быць такая, што адмовіць будзе складана!

“Незразумела, навошта нам гэтыя грошы патрэбныя, — агаломшвае Сяргей Чалы. — У логіцы існавання гэтага Антыкрызіснага фонду альбо гэта крэдыт на стабілізацыю знешняга сектару, што не падыходзіць, бо тут у нас цяпер усё больш-менш добра, альбо крэдыт на сістэмныя змены. А тут ужо наша логіка не вельмі працуе”.

Нягледзячы на ўпэўненасць, што грошай кіраўніку Беларусі ў Маскве не дадуць, Сяргей Чалы ўпэўнівае, з-за гэтага курс долара не скокне, заробкі не абваляцца, а кошты не вырастуць. Нам тыя грошы патрэбныя толькі, каб выліць іх у дзіравае рэшата беларускай эканомікі.

А вось намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц упэўнена заяўляе: новы крэдыт нам у Еўразійскім банку развіцця дадуць. Праўда, крыху падумаўшы, удакладняе:

“Калі нешта не здарыцца, то дадуць. Калі не пасварацца”.

Што ж да таго, навошта нам гэтыя грошы, то тут усё проста — “на перакрэдытаванне пазык”. Прасцей кажучы, на выплаты запазычанасцяў па раней узятых пазыках.

Што на самой справе прывязе з Масквы Аляксандр Лукашэнка, даведаемся неўзабаве — 15 снежня яго візіт завяршаецца.

Фота: belta

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі