Ці сапраўды МВФ патрабуе павялічыць пенсійны ўзрост?

Ці сапраўды МВФ патрабуе павялічыць пенсійны ўзрост?

Патрабавання павялічыць пенсійны ўзрост у рэкамендацыях МВФ Еўрарадыё не знаходзіць, а павялічыць аплату ЖКГ ад нас патрабуе банк ЕўрАзЭС

Грошай ад МВФ мы хочам, але беларусаў і нацыянальныя інтарэсы ў крыўду не дадзім. Прыблізна так можна коратка пераказаць сэнс выступу кіраўніка Беларусі на нарадзе наконт перамоў з МВФ аб пашыраным крэдытаванні.

Пра тое, што злы МВФ патрабуе за свае грошы, каб мы на 100% аплачвалі паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і грамадскі транспарт, беларускія ўлады абурана расказваюць нам даўно. Але як на самой справе гэтае “патрабаванне” прапісанае ў дакументах МВФ? Вось, што напісана ў прэс-рэлізе МВФ па выніках кансультацый ў Мінску ў траўні 2015 года.

“…прыняць і рашуча рэалізаваць смелую праграму рэформ з добра спланаванай паслядоўнасцю дзеянняў, якія ўключаюць у сябе лібералізацыю коштаў, меры для вываду тарыфаў на паслугі прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі і транспарту на ўзровень поўнай кампенсацыі затрат”, — гаворыцца ў дакуменце.

Вось толькі для таго, каб зраўняць суму нашай аплаты за паслугі ЖКГ з затратамі камунальнікаў, не абавязкова гэтую суму павышаць, упэўнены старшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб:

“Трэба не тупа ўздымаць кошт аплаты да незразумела якога сабекошту, а працаваць над гэтым сабекоштам, разбірацца, што ў яго закладзена. Там усё неэфектыўна, не празрыста. Калі ў жыроўках пачалі пісаць суму ад 100-адсоткавай кампенсацыі, там ўвогуле нічога зразумець немагчыма, што гэта за сумы?! Гэта больш важная задача, чым павышаць аплату. А падаецца гэта ўсё сапраўды так: прыйшоў МВФ і патрабуе падняць аплату!”

Грошы Беларусь пазычае не толькі ў МВФ з іх патрабаваннем правядзення драконаўскіх рэформ, але і ў нашых “братоў” па Еўразійскім саюзе. Яны нам што, ніякіх патрабаванняў не выстаўляюць?

У траўні 2015 гожа ў Мінску працавала каманда экспертаў Еўразійскага банка развіцця наконт новага крэдыту. Вось, якія мы атрымалі рэкамендацыі:

“Утрыманне тарыфаў на жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі для насельніцтва на ўзроўні ніжэйшым сабекошту стварае дадатковую нагрузку на бюджэт… Пераход да тарыфаў для насельніцтва, якія будуць акупляць сабекошт, павінен адбыцца як мага хутчэй”.

Больш за тое, калі МВФ гэта нам толькі рэкамендуе, то з рэкамендацыямі экспертаў Еўразійскага банка развіцця мы ўжо пагадзіліся і паабяцалі іх выканаць, тлумачыць намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.

“Тут не проста гіпатэтычна патрабуюць, а мы падпісаліся пад гэтымі рэкамендацыямі! З 2017 года мы павінны забяспечыць 100-адсоткавую кампенсацыя камунальных і транспартных паслуг. Такім чынам, гэта патрабаванне не толькі МВФ”, — кажа эканаміст.

Добра, якімі яшчэ патрабаваннямі МВФ палохаюць нас улады? Да прыкладу, сцвярджаюць, што гэта менавіта МВФ патрабуе павысіць пенсійны ўзрост. Перапытваю, ці сапраўды есць такое патрабаванне ў Пастаянным прадстаўніцтве МВФ у Беларусі.

“Пакуль вядуцца перамовы (паміж МВФ і ўладамі Беларусі, — Еўрарадыё) я нічога каментаваць не магу, перамовы яшчэ не скончыліся. Але вы можаце знайсці на сайце апошнюю справаздачу і паглядзець рэкамендацыі — яны пераходзяць са справаздачы ў справаздачу”, — адказвае дарадца прадстаўніцтва МВФ у Беларусі Юлія Лыскова.

Чытаем афіцыйныя дакументы на сайце МВФ: Але там нічога і блізка пра пенсійны ўзрост! Апроч рэкамендацыі “для абароны найбольш неабароненых слаёў неабходна ўзмацніць сістэмы сацыяльнай абароны, уключна са страхаваннем ад беспрацоўя”.

А гэта яно і ёсць, шакіруе мяне эканаміст Вадзім Іосуб. Бо самыя неабароненыя, па логіцы ўлады, — пенсіянеры. Вось каб іх абараніць… ім хочуць пенсійны ўзрост павысіць.

Вадзім Іосуб: “У сістэме выплаты пенсій узнікае устойлівы дэфіцыт, і ўсе разлікі паказваюць, што гэты дэфіцыт з часам будзе расці — выплачваць даводзіцца больш, чым у пенсійную сістэму паступае. Ёсць некалькі варыянтаў скарачэння гэтага дэфіцыту: павышэнне пенсійнага ўзросту, павялічэнне пенсійных адлічэнняў ці скарачэнне памеру пенсій. Пытанне з гэтым дэфіцытам пенсійнага фонду вырашаць трэба, але якім з пералічаных шляхоў ці нейкай іх камбінацыяй, гэтага нам ніхто не навязвае, мы мусім вырашыць самі. Іншая справа, што якім бы непапулярным ні было павышэнне пенсійнага ўзросту, скарачэнне пенсій ці павялічэнне адлічэнняў яшчэ больш непапулярныя. На погляд уладаў, гэта найменш балючае вырашэнне праблемы”.

І дадае, што беларускія ўлады адмыслова ўвесь час “дэманізуюць” МВФ, але на самой справе, з іх боку патрабаванняў правядзення рэформаў у стылі “шокавай тэрапіі” і блізка няма.

Чаго ў наш час вартая толькі рэкамендацыя МВФ, стварыць сістэму страхавання ад беспрацоўя! Па словах Георгія Грыца, такое страхаванне ёсць ў большасці цывілізаваных краін. Нават у Расіі гэтая ідэя разглядаецца ў выглядзе законапраекта. У нас жа толькі кансультацыі на ўзроўні экспертаў на гэтую тэму месяц таму пачаліся. Праўда, удакладняе, што ў закрытым для шырокай публікі дакуменце МВФ сапраўды ёсць жорсткая рэкамендацыя Мінску павялічыць пенсійны ўзрост…

 

Фота: Зміцер Лукашук, pravda.ru 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі