Ці закрануў крызіс канцэртны бізнес: публіка цяпер цвярозая

Беларускіх меламанаў чакаюць дзве вялікія падзеі: Робі Уільямс для тых, хто любіць лёгкую музыку, для тых, каму падабаецца пацяжэй — Linkin Park. Прамоўтары, якія прывозяць у Беларусь сусветных зорак, кажуць, што фінансавы крызіс асабліва не адбіўся на канцэртным бізнесе — усе, хто мусіў сёлета выступіць у Мінску, выступяць.

"З гуртамі калібру Scorpions ці Linkin Park дамаўляюцца за паўгода ці за год, — тлумачыць арганізатар канцэртаў і фестываляў Антон Сасноўскі. Адпаведна, яны ж не могуць прадбачыць дэвальвацыю. Калі браць 2016 год, паглядзяць, як рынак цяпер сябе паводзіць, і, магчыма, адмовяцца ад нейкіх праектаў".

Канцэрт Morcheeba ў сталічным Prime Hall напрыканцы 2014 года

У клубах і на канцэртных пляцоўках па-ранейшаму біток. Мінчукі навучыліся выдаткоўваць грошы на музыку. Па назіраннях прамоўтара Віталя Супрановіча, усе апошнія канцэрты, якія ён ладзіў (а ладзіць ён іх шмат), праходзяць з вялікай наведвальнасцю: "У тым жа Prime Hall праз канцэрт аншлагі, Re:Public ніколі не пусты".

Юбілейны канцэрт Neuro Dubel у клубе Re:Public. Восень-2014

Дырэктар галоўнага рок-клуба горада Андрэй Старцаў пацвярджае словы калег, адзінае, некаторыя артысты знізілі ганарары. Праўда, канстатуе Старцаў, цяпер гледачы слухаюць канцэрты... цвярозымі.

"Выручка па бары і па кухні ўпала ў тры разы. Людзі сталі менш траціць грошай. Тут крызіс відавочны".

А вось на канцэртах андэграўндных замежных гуртоў, якія любяць заязджаць у Беларусь, аншлагаў цяпер не назіраецца. Тут крызіс адчувальны, пагаджаецца прадакшн-мэнэджар канцэртнага агенцтва "Wake Up!" Іван Селішчаў. Натуральна, што еўрапейскаму агенту без розніцы, дзе адбываецца канцэрт, у Кітаі, Брытаніі ці Беларусі. Адпаведна, выступаў панкаў ці рокераў з Захаду ў наступным годзе ў Мінску можа стаць менш.

Kasabian на фестывалі "Мост-2014"

Але ўжо відавочна, што найбольш пацерпяць сёлета ад крызісу буйныя фестывалі і оўпэн-эйры. Ужо аб'яўлена аб адмене фестывалю "Мост". Праўда, замест яго будзе новы фэст. Як даведалася Еўрарадыё, на “Мост” таксама паўплываў і канцэрт Linkin Park у Мінску, які патрабуе немалых фінансавых высілкаў арганізатараў. Літаральна ўчора стала вядома пра адмену буйнейшага тэхна-рэйва Mayday, які мусіў прайсці ў "Мінск-Арэне" 31 траўня. У інтэрв'ю tut.by арганізатары тлумачаць, у тым ліку, і "аб'ектыўнымі эканамічнымі прычынамі":

"Такімі, як дарагавізна арэнды "Мінск-Арэны". Напрыклад, Westfalenhallen Dortmund ў, якой праходзіць Mayday ў Германіі, каштуе у 2,5 раза танней, і гэта пры тым, што плошчы фестывалю там займаюць у тры разы больш месца, чым у Беларусі. Ну і апошняя прычына — гэта рост ганарараў топ-артыстаў сегмента EDM пры відавочным зніжэнні пакупніцкай здольнасці нашай патэнцыйнай публікі".

Арганізатары фестывалю "Дружба” цяпер думаюць над праграмай: што лепш, запрасіць 2-3 дарагія калектывы за кошт адмовы ад бюджэтных гуртоў, ці наадварот, абысціся толькі недарагімі камандамі?

"Вольнае паветра-2014"

Менавіта беларускія гурты склалі б лайн-ап фестывалю "Вольнае паветра", калі б ён праходзіў летам. Аднак арганізатар фэста Уладзімір Шаблінскі паставіў імпрэзу на паўзу па асабістых прычынах. І кажа, што не памыліўся: "Крызіс толькі замацаваў маё меркаванне".

На думку Уладзіміра, крызіс у канцэртным бізнесе толькі пачынаецца, асабліва ён мусіць ударыць па буйных кампаніях, якія прывозяць замежных музыкаў і разлічваюцца ў валюце. Па-другое, сярэдні беларус рана ці позна пачне адмаўляцца ад канцэртаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі