Ці законна сына Кабякова вызвалілі ад выпускных іспытаў?

Ці законна сына Кабякова вызвалілі ад выпускных іспытаў?

Выпускныя іспыты ў школе — справа абавязковая. Але, як высвятляецца, не для ўсіх. Георгій Кабякоў, сын беларускага прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, вызвалены ад здачы іспытаў. Нібыта на падставе таго, што ён акурат у гэты час будзе на спартыўных спаборніцтвах. Ці законна гэта?

Яшчэ некалькі гадоў таму цалкам вызваліць ад здачы выпускных іспытаў у школе маглі толькі па стане здароўя. Нават пераможцы алімпіяд не вызваляюцца ад усіх іспытаў — толькі па тым прадмеце, па якім вучань атрымаў узнагароду. Калі спаборніцтвы выпадаюць на час здачы іспытаў, то для спартсмена проста прызначалі дадатковы дзень здачы.

Начальнік аддзела дашкольнай, агульнай школьнай і спецыяльнай адукацыі Камітэта адукацыі Мінгарвыканкама Марына Юркевіч тлумачыць: спартсменаў сапраўды могуць цалкам вызваліць ад іспытаў, але на пэўных умовах.

“Калі тэрміны правядзення спаборніцтваў супадаюць з правядзеннем іспытаў, то дзіця вызваляецца. Але гэта павінна быць хадайніцтва Міністэрства спорту і турызму ў Міністэрства адукацыі. А нам прыходзіць загад Міністэрства адукацыі аб вызваленні дзяцей ад іспытаў. Гэта не можа быць хадайніцтва бацькоў ці трэнера — усё павінна быць на законных падставах. Калі дзіця прадстаўляе краіну на нейкіх значных спаборніцтвах, то, натуральна, Міністэрства спорту зацікаўленае ў такіх удзельніках”.

Калі верыць інфармацыі ў СМІ, то Георгій Кабякоў “некалькі гадоў займаецца таэквандо”, гэта для яго не больш, як хобі і звязваць сваё жыццё са спортам хлопец не плануе — будзе паступаць у БДУ на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. І ён будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах?

На сайце Беларускай Федэрацыі таэквандо на час іспытаў пазначана толькі адно спаборніцтва міжнароднага ўзроўню — камандны Кубак Еўропы. Пройдзе ён у Таліне з 31 траўня па 5 чэрвеня. Але 31 траўня Георгій Кабякоў яшчэ ў школе, і з дапамогай яго класнага кіраўніка Еўрарадыё ўдакладняе планы хлопца на час іспытаў.

Еўрарадыё: На якія спаборніцтвы вы едзеце?

Георгій Кабякоў: З 1 па 5 чэрвеня я буду ў Таліне, на спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню.

Еўрарадыё: Пішуць, што вы толькі некалькі гадоў займаецеся таэквандо, са спортам лёс звязваць не збіраецеся…

Георгій Кабякоў: У прынцыпе, я ўжо 10 гадоў займаюся. Проста, у мяне няма мэты зрабіць спорт сваёй кар’ерай, і таму я называю гэта сваім хобі. Я мару стаць лётчыкам і ў перспектыве планую паступіць у авіяцыйны — пасля атрымання першай вышэйшай адукацыі.

Еўрарадыё: Прапусціць іспыты, зразумела, прыемна, але не падаецца, што такая праверка ведаў перад універсітэцкімі іспытамі не зашкодзіла б?

Георгій Кабякоў: Праверка ведаў асноўная будзе на ЦТ. Я лічу, што больш важнага цяпер няма. Яго я лічу больш важнай задачай.

Выпускнікі здаюць тры экзамены: па гісторыі Беларусі, матэматыцы, і беларускай альбо рускай мове на выбар. Як стала вядома Еўрарадыё, па матэматыцы і гісторыі ў Георгія Кабякова па 9 балаў, а вось па абедзвюх мовах адзнака — 8. Праўда, гэта адзіныя васьмёркі ў яго табелі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі