Ці не паспяшалася Харватыя з уступленнем у ЕС?

Ужо амаль месяц Харватыя з’яўляецца чальцом ЕС. Але замест карыстання выгодамі Еўрасаюза, краіна пакутуе ад даўніх праблем, сярод якіх і карупцыя. The New York Times распавядае гісторыю кіраўніцы кампаніі Ядранкі Бобан Пежыч, якую спынілі на мяжы з партыяй прадуктаў, і яна была вымушана заплаціць хабар у памеры 130 еўра.

Бізнэсвумэн кажа, што гэта дробязь, але яе кампанія сутыкаецца з прыкметамі карупцыі і бюракратыі на кожным кроку.

Ядранка Бобан Пежыч: “Карупцыя на ўсіх узроўнях. Нават калі ў вас этычная пазіцыя ў справе хабараў, часам у вас няма іншага выйсця. У нас не было часу на падрыхтоўку да ўваходу ў ЕС, таму цяпер адбываецца хаос”.

The New York Times сцвярджае, што праблемы краіны мусяць хваляваць не толькі Харватыю, але і ўвесь Еўрасаюз. Бо можа здарыцца такая ж сітуацыя, што з Балгарыяй і Румыніяй, якія ўвайшлі ў ЕС у 2007 годзе. Гэтыя краіны таксама паспяшаліся з рашэннем, як лічаць аналітыкі, і таму дагэтуль маюць нестабільныя ўрады і праблему з карупцыяй.

Паводле групы Transparency International, якая адсочвае карупцыю на глабальным узроўні, летась Харватыя займала па гэтым паказчыку 62-ю пазіцыю са 176 краін. Даніэль Фішэр, член праўлення Transparency International у Заграбе, адзначае прагрэс, які быў дасягнуты ў галіне судовай празрыстасці і падатковага рэгулявання. Але Наташа Срдоч, сузаснавальніца Адрыятычнага Інстытута грамадскай палітыкі, лічыць, што гэта спроба выдаць жаданае за рэчаіснасць.

Наташа Срдоч: “Як толькі Харватыя знаходзіцца ўнутры, ЕС нашмат складаней правесці змены ў прымусовым парадку. Цяпер больш няма рычагоў уздзеяння на ўрад”.

Але разам з тым уваходжанне Харватыі мае стратэгічнае значэнне для ЕС, бо дае магчымасць пашырыць паўднёва-ўсходнія межы. А таксама дае надзею на стабілізацыю сітуацыі на Балканах пасля войнаў 1990-х, адзначае Prague post. Сюды трэба дадаць, што, гледзячы на Харватыю, іншыя балканскія краіны, Сербія, Македонія ці Чарнагорыя атрымоўваюць дадатковую матывацыю на правядзенне еўраінтэграцыі.

Калі ж вяртацца да карупцыі ці бюракратыі, то харватам таксама ёсць што прад’явіць Брусэлю. Вытворцы мясцовага віна Prosek нечакана сутыкнуліся з забаронам на продаж, бо назва іх напоя вельмі падобная да італьянскага віна Prosecco. І нават тое, што харвацкае віно вырабляецца некалькі стагоддзяў і прадстаўляе зусім іншы гатунак у параўнанні з італьянскім, еўрапейскіх чыноўнікаў не цікавіць.

"Правілы вызначаюць, што прадукт, які носіць імя вельмі падобнае на прадукт, які ўжо ёсць на рынку і мае абарону закона ЕС, не павінен прысутнічаць на рынку. Праз гэта можа стварыцца блытаніна сярод спажыўцоў і ўвесці іх у зман", — тлумачыць забарону сельскагаспадарчая камісія ЕС.

Вытворцам віна прапануецца адмовіцца ад свайго брэнду і выкарыстаць іншую назву.

Фота: hangthebankers.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі