Ці не адпужае еўра ў Літве беларускіх аматараў “Акропаліса” і “ІКЕА”?

Ужо з наступнага года ў Літве могуць увесці еўра. Канчаткова пытанне не вырашанае, але і прэзідэнт, і прэм’ер краіны ўжо заявілі пра такія планы. Ці прывядзе новая валюта да павышэння цэн? Асабліва гэта цікава для беларусаў, якія любяць закупляцца ў літоўскіх гандлёвых цэнтрах.

“Я не думаю, што гэта прынцыповая розніца для беларусаў: набываць за літы ці еўра, бо яны могуць памяняць сабе і літы, і еўра. Калі цэны не павысяцца значна, ездзіць па тавары і паслугі ў Літву для беларусаў будзе так жа прывабна. Ёсць шмат прычын, чаму беларусы ездзяць у Літву, і чаму яны не перастануць рабіць гэтага пасля прыняцця еўра”, — даволі аптымістычна глядзіць у будучыню эканаміст “Інстытута свабоднага рынка Літвы” Вітаўтас Жукаўскас.

Перасцярогі шапаголікаў развейвае і беларускі эканаміст Леанід Заіка. На яго думку, “нечаканасцяў не будзе”, бо асноўныя плыні тавараў у Еўрасаюзе і так даўно склаліся.

Леанід Заіка: “На сённяшні дзень тыя тавары, якія любяць набываць беларусы ў Літве, танней, чым у Беларусі на 30-50%, але яны даражэй, чым у Польшчы прыкладна на 30%. Таму беларусы робяць выбар толькі па адлегласці: ехаць у Польшчу ці Літву. У Літву танней”.

Вітаўтас Жукаўскас раіць звярнуць больш увагі на стабільнасць валюты еўра ў доўгай перспектыве і сцвярджае, што сам пераход на еўра выклікае падаражанне хіба што на 0,2-0,3%. Калі так, то, сапраўды, баяцца няма чаго. Толькі чаму тады латвійцы пасля ўвядзення еўра рэзка рванулі па тавары ў памежныя літоўскія гарады (па некаторых дадзеных, у памежных крамах ужо кожны другі кліент — латвіец)?

Вітаўтас Жукаўскас: “Гэта цяжка сказаць, бо ведаем, што існуе шмат цэн. Даследаванні паказваюць, што некаторыя цэны павышаюцца больш, некаторыя — менш. Але мы ўсё ж верым, што агульны ўзровень цэн не зменіцца моцна”.

Калі ж казаць пра гандаль паміж Беларуссю і Літвой на дзяржаўным узроўні, то і тут нічога не зменіцца, упэўнівае Леанід Заіка.

Леанід Заіка: “Мы з рускімі разлічваемся за рускую нафту ў доларах, усе 20 гадоў. З літоўцамі таксама разлікі ідуць у міжнародных плацёжных сродках: доларах і еўра”.

Нагадаем, што з 2014 года агульнай еўрапейскай валютай карыстаецца яшчэ адна суседняя з Беларуссю краіна, Латвія. У сярэдзіне мінулага года латвійскі эканаміст і бізнэсмэн Яніс Ошлейс казаў аб тым, што цягам 4-5 гадоў пасля ўвядзення еўра, кошты вырастаюць на 20-30%. І нават не выключыў, што латвійцы могуць абраць у якасці месца для закупак Беларусь. У Літве ж, паводле апошніх апытанняў, 60,6% жыхароў звязваюць уступленне ў еўразону з ростам цэн. І толькі 5,5% лічаць, што валюта еўра на цэны не паўплывае.

Фота: vilniustransfer.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі