Ці гатовыя беларусы пераплачваць за “чыстыя” прадукты?

“Мужчына, падыходзьце, бярыце цяляцінку!” — заклікаюць мяне прадаўшчыцы на “Камароўцы”. Ім сумна — пакупнікоў раніцай буднага дня на рынку вобмаль і таму жанчыны гатовыя накінуцца на любога, хто з’яўляецца на даляглядзе.

Мяса ляжыць за шклом — праз кропку кардонка з вялікімі ад рукі напісанымі літарамі “Хатняя свінінка”, “Хатняя ялавічына”. Верыцца ў гэта з цяжкасцю, тым больш што над гэтымі кардонкамі вісяць вялікія банары з рэкламай буйных мясакамбінатаў. Ды і прадаўшчыцы на пытанне, ці самі яны свінак гадавалі, толькі ўсміхаюцца.

Кошты — да 140 тысяч за кілаграм ялавічнага філе. Свіное — на 30-40 тысяч таннейшае. Наколькі гэтае мяса чыстае ад “хіміі” — тое яшчэ пытанне. Сумневу не выклікаюць хіба бабулькі з агуркамі па 5500 за кілаграм, якія гандлююць на самым ускрайку рынка гароднінай з уласных падворкаў. Здаровую “фермерскую ежу” знаходжу ў інтэрнэце. Абяцаюць прывезці да дзвярэй кватэры, гарантуюць адсутнасць “хіміі”. Праўда, агуркі там каштуюць ужо 20 тысяч за кг. Фермер Юрый Ганчар расказвае, што высокі кошт выкліканы нізкай ураджайнасцю вырашчанай без “хіміі” гародніны.

“Прадаю вось чарвівую моркву, пятрушку. Бульбу таксама трэба раней выкопваць, яна не вырастае вялікай… Хварэе бульба, калі не апрацоўваць ад жукоў. У два разы меншы ўраджай. А можа нават і больш чым у два”

Юрый расказвае, што вырошчваннем гародніны заняўся ўжо даўно — мае свой вялікі ўчастак зямлі на Вілейшчыне, далёка ад шкоднай вытворчасці. Таму за чысціню прадукцыі можа заручыцца. Фермер гаворыць, што, нават купляючы агуркі ў бабулек з гародаў, можна нарвацца на непрыемнасці.

“Людзі заўсёды пытаюцца, ці ёсць там "хімія". Адказваю, што, нават у адрозненне ад бабулек, мы нічым не паліваем свае агуркі. Ніякім гноем свежым, як яны — разводзяць і паліваюць жа адразу па лісці, па агурках… Паліваць гэтак можна толькі за два гады да высадкі гародніны”.

Пытаюся пра кліентуру. Усё ж не кожны гатовы пераплачваць за агуркі ў чатыры разы. У адказ чую, што Юрый мае каля 500 пастаянных кліентаў, а галіна, на думку фермера, будзе толькі развівацца. Маўляў, вытворцам “чыстай” прадукцыі прасцей выдзеліцца на тле іншых. Ды і ніша пакуль не занятая. У інтэрнэце набыць можна не толькі чыстую ад хімікатаў гародніну — там ёсць усё асноўнае, што расце і ходзіць па беларускай зямлі. Кошты толькі кусаюцца. Іван Саліцкі гандлюе ялавічынай, прадае яе ў сярэднім на траціну даражэй, чым на рынку (за кілаграм філе, напрыклад, просіць 200 тысяч рублёў). Расказвае, што прытрымліваецца традыцыйных метадаў гаспадаркі.

“Выпусціў на луг, што з’елі там, разнатраўе, тое і з’елі. Толькі соль даю, вапну, гліну часам. І ўсё. Вось і ўся тэхналогія — што найпрасцей, тое і найлепш”.

Статак у Івана невялікі — каля 50 галоў. Фермер расказвае, што гэта максімум, які можна гадаваць звычайным “хатнім метадам”, без выкарыстання прамысловых тэхналогій. Чую таксама шмат крытыкі ў адрас рыначных гандляроў мясам. Маўляў, свежага мяса там не купіш. Пра “чыстае” ад хімікатаў і лекаў гаворкі ўвогуле няма. Сваіх жа жывёл фермер нават не лечыць. “Магчыма, гэта і не гуманна… Але калі жывёла памірае, то памірае”, — гаворыць ён.

Большая частка мяса са статка Івана разыходзіцца па наваколлі. Рэшту прадае праз інтэрнэт. Гаворыць, што кошты паніжаць не будзе. Па-першае, бяруць і па гэтых. Па-другое — добры прадукт і каштуе дорага.

“Кошты рынак вызначае. Ёсць попыт — ёсць і прапанова. Тую колькасць, якую я магу сабе дазволіць прадаць, я прадаю. Ды і кошты не такія ўжо і высокія. Вы прайдзіцеся па крамах, паглядзіце, колькі там каштуе якаснае мяса”.

Тым часам адміністратар інтэрнэт-крамы “Экаежа” Надзея гаворыць, што ў Беларусі пакуль нельга карыстацца тэрмінам “экалагічна чыстыя прадукты”, таму што няма на тое заканадаўчай базы. Тое, што можна набыць праз інтэрнэт у фермераў, можна называць хутчэй “фермерскімі прадуктамі”.

“Пакуль такой нарматыўнай базы, якая б аддзяляла больш якасныя прадукты ад іншых, няма. Мы падрабязна пішам пра тое, як вырошчваюцца прадукты і кім. І кожны чалавек пры жаданні можа паехаць і сам на гэта паглядзець. Фермераў, якія вырошчваюць “чысты” прадукт, вельмі мала. Рынак падштурхоўвае да іншага”.

Тым не менш попыт на “чыстыя” агуркі і кумпякі ў нас, відавочна, ужо склаўся. І фермеры гэта зразумелі хутчэй, чым чыноўнікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі