Ці будуць судзіцца з КДБ Дашкевіч ды іншыя фігуранты “справы патрыётаў"

Ці будуць судзіцца з КДБ Дашкевіч ды іншыя фігуранты “справы патрыётаў"

Былы фігурант “справы патрыётаў” Сяргей Кунцэвіч хоча, каб КДБ кампенсавала яго беспадстаўнае ўтрыманне за кратамі ў СІЗА КДБ і СІЗА-1. Актывіст мае намер дамагчыся ад спецслужбаў грашовай кампенсацыі сваіх фізічных і маральных пакут.

Кунцэвіч: “Закон ёсць закон: калі мяне несправядліва трымалі, то павінны адказваць. А то, так будуць сядаць на галаву ўсім! Таму, праўды трэба дамагацца неяк, спыняць гэта ўсё”.

Нагадаю, Сяргея Кунцевіча затрымалі 24 сакавіка ў Мінску. Сябра сацыял-дэмакратычнай партыі абвінавачваўся ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. 2 чэрвеня Кунцэвічу замянілі меру ўтрымання на падпіску аб нявыездзе і ў той жа дзень вызвалілі з СІЗА. А ўжо 5-га чэрвеня актывіст накіраваў у Следчы камітэт заяву пра катаванні падчас знаходжання за кратамі.

Кунцэвіч абавязкова хоча давесці справу аб кампенсацыі да суда. Праўда, колькі будзе патрабаваць з КДБ грошай, пакуль не вырашыў. Як і не ведае, якім чынам будзе рыхтаваць неабходныя паперы і заявы.

Куннцэвіч: “Проста ў мяне пакуль няма адваката. Я прасіў дапамогі, але ніхто не адгукнуўся. Так што, пакуль я не ведаю, як будзе. Да ўсяго, у мяне грошай няма, каб наймаць адваката”.

Юрыст Тамара Сідарэнка на маю просьбу так і не здолела прагадаць, каб патрабавалі кампенсацыю тыя, хто знаходзіўся за кратамі, каму нават абвінавачванне выставілі, але чыя справа да суда так і не дайшла ― абвінавачванні знялі.

Сідарэнка: “Такія людзі, якіх доўга трымалі ў СІЗА, а потым спынілі супраць іх справу ― здаецца, такіх нават выпадкаў не было, каб яны патрабавалі кампенсацыю за зняволенне. А вось прэцэдэнт хацелася б стварыць. Каб была такая практыка. Каб людзі ведалі і каб органы ведалі, якія гэтым займаюцца, што нельга бездоказна людзей кідаць пад варту. Можна ж было і не накіроўваць ў СІЗА ― ёсць іншыя формы стрымання”.

Ці будуць судзіцца з КДБ Дашкевіч ды іншыя фігуранты “справы патрыётаў"
Тамара Сідарэнка, фота Змітра Лукашука

Але ж былі і апроч Сяргея Кунцэвіча людзі, якія па абвінавачванні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў працяглы час правялі ў СІЗА, а потым былі вызваныя і атрымалі паперы з паведамленнем, што крымінальны пераслед у іх дачыненні спынены. Да прыкладу, той жа лідар “Маладога фронта” Зміцер Дашкевіч ― ён не думае спагнаць з КДБ грошы?

Дашкевіч: “Ну, будзеш ты судзіцца з імі месяц, трыста баксаў адсудзіш ― здурэць можна. Не, можна было б шоў зрабіць. Каб я шафамі не займаўся, то я б адсуджваў 300 баксаў. Не ведаю. У мяне была думка нешта па БТ замуціць, але там чыста варыянт для шоў. Але рукі не даходзяць нават да таго, каб узяць спасылку на гэтыя фільмы пра справу патрыётаў”.

Ці будуць судзіцца з КДБ Дашкевіч ды іншыя фігуранты “справы патрыётаў"
Зміцер Дашкевіч, фота Змітра Лукашука

Праўда, даведаўшыся, што нават выпадкаў такіх не было, каб людзі ў такой сітуацыі патрабавалі кампенсацыю, Зміцер задумаўся.

Думае над тым, ці не падаць яму на самой справе на кампенсацыю, Сяргей Пальчэўскі. Ён таксама быў абвінавачаны ў “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” і правёў за кратамі 24 дні.

Пальчэўскі: “І ў заробку ж таксама згубілі ― месяц не маглі працаваць. Але мне падаецца, трэба з маральнага пункту гледжання падыходзіць. Каб дзяржава разумела, што калі далей будуць здарацца такія выпадкі, гэта проста так не застанецца. І трэба спрабаваць бараніць сябе. Да ўсяго, хочацца хай і праз суд сваё добрае імя абараніць. Мы не злачынцы, і нельга так сябе паводзіць дзяржаве”.

Сяргей нават не ўяўляе, якую суму кампенсацыі выстаўляць органам.

“Тут справа ў тым, што і прэцэдэнтаў такіх не было ― арыентавацца няма на што. Трэба з юрыстамі параіцца, каб вырашыць, на якую суму можна прэтэндаваць. Але на некалькі тысяч долараў дакладна трэба падаваць”.

Цікаўлюся ў юрыста Тамары Сідарэнкі, як лепш падыходзіць да пытання вырашэння сумы кампенсацыі.

Сідарэнка: “Трэба, магчыма, глядзець на вопыт незаконна асуджаных і пасля апраўданых. Бо тут фармальных крытэрыеў не існуе. Кожны сам ацэньвае памер маральнай шкоды яму нанесенай. Той жа Дашкевіч і з дзецьмі не бачыўся, перажываў маральныя пакуты з-за таго, што сям’я засталася без сродкаў для існавання. Быў пазбаўлены магчымасці перасоўвання. Вось, трэба ўсё пералічыць і ўсё выказаць у суме, якая яму больш падабаецца”.

Дарэчы, 21 чэрвеня актывіст “Маладога фронта” Зміцер Крамянецкі звярнуўся ў КДБ з патрабаваннем кампенсацыі шкоды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі